RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 16 Лістапада 2000

Сёньня:



(эфір 15 лістапада)
У Гомелі яшчэ памятаюць сёлетні аўрал з заканчэньнем будаўніцтва паводле ўказу Лукашэнкі Лядовага палацу. Тройчы плянавалася яго ўрачыстае адкрыцьцё на самым высокім ўзроўні, але кіраўнік дзяржавы так і не прыехаў. Цяпер улады ад лядовых гмахаў сыходзяць, як кажуць, на грэшную зямлю і прымаюць рашэньні адносна стварэньня хакейных пляцовак у дварох мікрараёнаў.

Учора ў адміністрацыі Чыгуначнага раёну падпісана адмысловае распараджэньне адносна, як сказана, разьвіцьця хакею з шайбаю. Прадпрыемствы, і ў прыватнасьці, аб’яднаньне “Гомсельмаш”, агулам павінны ў гэтую зіму абсталяваць у дварох 11 лядовых пляцовак для гульні ў хакей.

Як бачым, дзеці і ўзьведзены Лядовы палац будуць ізноў існаваць паасобку. Малюнак дапаўняе дырэктар палацу Ігар Вараб’ёў:

“Гэта разьвіцьцё дзеля разьвіцьця. Гэта — дзеля “галачкі” і паперы. Ня думаю, што рашэньне адміністрацыі Чыгуначнага раёну нам чымсьці дапаможа”, — зазначыў спадар Вараб’ёў.

Палац, на які выдаткавана звыш 19 мільёнаў рублёў у цэнах 90-га году, патрапіў у цяжкое фінансавае становішча. Адсюль і дарагоўля паслугаў. Гадзіна на лёдзе для школьніка, студэнта ці дарослага абыходзіцца ў 900 рублёў. З-за адсутнасці грошай гарадзкі выканкам зьменшыў палацу штат на 70 асобаў. Пад вялікім пытаньнем зацьвярджэньне каштарысу на наступны год. Мільярд рублёў горад выдаткаваць ня ў стане, а меншы памер, паводле падлікаў дырэкцыі, яшчэ больш абмяжуе функцыянальную дзейнасьць палацу.

Дарэчы, зараз палац і без таго набывае абрысы заштатнай эстраднае пляцоўкі, а не ўстановы для разьвіцця спорту. У прыватнасьці, на канец лістапада ў Лядовым палацы заплянаваны чарговы эстрадны канцэрт, гэтым разам расейскае спявачкі Зэмфіры.

Ці папраўляе гэта фінансавае становішча палацу? Працягвае Ігар Вараб’ёў:

“Яно мала чым папраўляе, дадае нам толькі галаўнога болю. Праўда, гэта ня нашая дзейнасьць. Гэтая ініцыятыва гарадзкіх уладаў, філярмоніі, канцэртных арганізацыяў. Мы аддаем у арэнду плошчу палацу ва ўрон дзецям, якія тут займаюцца”, — сказаў дырэктар Вараб’ёў.

Казімер Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org