RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 15 Лістапада 2000

Сёньня



Аляксандар Лукашэнка стаў героем чарговага скандалу. СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, што Тамара Рохліна, удава дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі генэрала Льва Рохліна, заявіла, што Лукашэнка дапамагаў генэралу грашыма для арганізацыі выступу сілавікоў у Расеі.

Нагадаем, што гэты выступ быў ськіраваны супраць тагачаснага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына. Праўда, адвакаты Рохлінай сьцьвярджаюць, што ў сваім заключным слове яна нічога не казала пра Аляксандра Лукашэнку і фінансаваньне беларускім бокам вулічных акцыяў левай апазыцыі. Цяперашняе кіраўніцтва “Руху ў падтрымку арміі” таксама заяўляе, што не атрымоўвала ад Лукашэнкі фінансавай дапамогі.

Адвакаты Тамары Рохлінай назвалі фальшыўкай тэкст ейнага апошняга слова, які распаўсюдзілі журналісты. Тамара Рохліна не рабіла ніякіх палітычных заяваў, - паведаміў адвакат Анатоль Кучарэна. Дэпутат Дзярждумы Віктар Ілюхін таксама адмаўляе, што Аляксандар Лукашэнкас фінансваў “Рух у падтрымку арміі”. Ілюхін заявіў, што ён ня ведае пра ніякую мірную акцыю спэцслужбаў супраць кіраўніцтва Расеі, якую, быццам, рыхтаваў Рохлін і на правядзеньне якой, быццам, даваў Аляксандар Лукашэнка.

Ілюхін заявіў, што меў блізкі кантакт з Рохліным і ведае, што “такіх мерапрыемстваў, каб вывесьці прадстаўнікоў сілавых структураў на вуліцы, не рыхтавалася”.

Нагадаю, што Віктар Ілюхін пасьля сьмерці Льва Рохліна ачоліў “Рух у падтрымку арміі” і ў яго ёсьць усе падставы хаваць магчымыя фінансавыя стасункі арганізацыі з Аляксандрам Лукашэнкам. Рэч у тым, што, паводле расейскага заканадаўства, палітычным партыям забаронена мець фінансаваньне з-за мяжы. І саюзьніцкі статус Беларусі тут – не падства для выключэньня.

Любы факт фінансаваньня партыі з-за мяжы можа мець наступствам яе забарону праз суд. Тым больш, што “Рух у падтрымку арміі” мае ў Расеі імідж адыёзнай арганізацыі. Магчыма, разумеючы гэта, Віктар Ілюхін пазьбягаў сёньня любых кантактаў з журналістамі.

Віктар Дзятліковіч, Масква


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org