RFE/RL |
Серада, 15 Лістапада 2000 |
Сёньня |
У калгасах Гарадзеншчыны зноў ня плацяць грошай за працу. Няма чым. 512 мільёнаў рублёў—такая запазычанасьць перад калгасьнікамі… Варта ўзгадаць, што менавіта на Гарадзеншчыне -- у Лідзкім раёне Аляксандр Лукашэнка ўзьняў шум з заробкамі. Маўляў, каб нядобрыя начальнікі тэрмінова ўсё сплацілі працоўным. А ён --Лукашэнка - пракантралюе. Прычым, ва ўсёй краіне. Было гэта пад час жніва. Запазычанасьць па заробках у вобласьці тады сапраўды была велізарнай - амаль 4 мільярды рублёў. Большая частка сумы прыпадала якраз на калгасы. Аблвыканкам імкнуўся як найхутчэй адрапартаваць, што даўгоў па заробках больш няма. Усіх вымушалі браць крэдыты для выплаты грошай. Цікава, аднак, што ў самім Лідзкім раёне нават да канца верасьня ня здолелі скасаваць запазычанасьць менавіта ў большасьці калгасаў. За гэта 9 старшыняў былі пакараны, як асобы, якія "ня выканалі адказнае даручэньне Лукашэнкі". Цяпер жа, у параўнаньні зь верасьнем, запазычанасьць па заробках у вобласьці павялічылася болей, як у 100 разоў! Заробкі ня выплачаны у 80-ці калгасах. Грошы не атрымалі амаль 20 тысяч чалавек. Гэта--каля 18 працэнтаў ад усіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі вобласьці. 512 мільёнаў рублёў ня выплацілі калгасьнікам. А яшчэ некалькі мільёнаў--рабочым. Атрымліваецца, што гарадзенскія ўлады зноў "ня выканалі адказнае даручэньне" Лукашэнкі. Сяргей Астраўцоў, Горадня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |