RFE/RL |
Серада, 15 Лістапада 2000 |
Сёньня |
“Проста неверагодна, што акурат у той тыдзень, калі Беларусь мае сьведчыць перад Камітэтам ААН супраць катаваньняў, беларускія ўлады перакрылі свой ранейшы рэкорд у парушэньні правоў чалавека, арыштаваўшы маладых людзей за мірныя пратэсты,” - заявіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International. Гэтая арганізацыя трактуе затрыманых маладых людзей як вязьняў сумленьня. Каля 50-ці чалавек паўсталі ці паўстануць перад судом; ім пагражае да 15-ці дзён адміністратыўнага зьняволеньня. Amnesty International атрымала зьвесткі аб тым, што пры затрыманьні і загрузцы ў паліцэйскія машыны міліцыянты дубінкамі зьбівалі некаторых дэманстрантаў. “Беларусь павінна зразумець, што ганебнае ўжыцьцё сілы ў такой ступені супраць маладых людзей, многія зь якіх непаўнагадовыя, ніяк не палепшыць без таго сапсаваны імідж краіны на міжнароднай арэне. Такія жахлівыя карціны абсалютна не сумяшчальныя зь міжнароднымі абяцаньнямі Беларусі наконт абароны правоў чалавека,” -- заявіла Міжнародная Амністыя. Прадстаунік арганізацыі будзе у Жэнэве ў сераду і чацьвер на перамовах зь сябрамі Камітэту супраць катаваньняў. Amnesty International падрыхтавала для гэтага Камітэту справаздачу пра ганебную сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У дакумэнце згадваюцца “зьнікненьні апазыцыйных лідэраў і запалохваньне іхных сем’яў, частыя выпадкі зьдзеку міліцыянтаў над затрыманымі, перасьлед праваабаронцаў і апазыцыянэраў, адвольнае затрыманьне мірных дэманстрантаў, частае ўжыцьцё сьмяротнага пакараньня і жудасныя варункі ў беларускіх турмах і спэцразьмеркавальніках”. Amnesty International
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |