RFE/RL |
Серада, 15 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Амаль тры гады ў Беларусі дзейнічае сакрэтны прэзыдэнцкі ўказ, якім вызначана, хто ды як мусіць паведамляць пра Аляксандра Лукашэнку ў СМІ. Але журналістам гэты ўказ дагэтуль не паказвалі. Пасьля некалькіх месяцаў няўдалых спробаў даведацца, чаму мяне не пускаюць на “мерапрыемствы” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі — нягледзячы на сталую акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі як замежнага карэспандэнта, — я нарэшце атрымаў ад кіраўніка прэзыдэнцкае прэсавае службы Зьмітра Жука вельмі цікавы дакумэнт… Гэта копія часткі ўказу Аляксандра Лукашэнкі №19 ад 12 студзеня 1998 году. Адразу трэба зазначыць, што ўказу з гэтым нумарам няма нават у базе беларускага заканадаўства Прэзыдэнцкае бібліятэкі Беларусі, што месьціцца ў Доме ўраду. Выглядае, што 19-ты ўказ, сапраўды, сакрэтны. Дасланая спадаром Жуком вытрымка з гэтага тямнічага дакумэнту ўтрымлівае толькі ягоную чацьвертую главу — “Асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі мерапрыемстваў, якія праводзяцца з удзелам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”. Пункт 4.1 указу рэглямэнтуе, што выступы Лукашэнкі, цытую, “цалкам друкуюцца ў газэце “Советская Белоруссия” ды ў іншых рэспубліканскіх газэтах. Галоўныя рэдактары газэтаў нясуць пэрсанальную адказнасьць за аўтэнтычнасьць гэтых выступаў”. Пункт 4.3 сьцьвярджае: “Прэс-служба Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь перадае выступы Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама іншыя афіцыйныя матэрыялы замежным інфармацыйным агэнцыям”. Нагадаю, што гэты ўказ датаваны студзенем 1998 году. А 5 траўня гэтага ж году на прэсавай канфэрэнцыі ў межах фэстывалю журналістаў краінаў СНД з нагоды савецкага дня друку я спытаў Аляксандра Лукашэнку, чаму замежным журналістам у Беларусі не падаюць матэрыялы пра ягоную дзейнасьць? Вось што адказаў спадар Лукашэнка: (Лукашэнка: ) “Калі сапраўды не хапае інфармацыі – я гатовы… Можа быць і мая віна ў тым, што дагэтуль сыстэмы зносінаў прэзыдэнта з журналістамі няма. Ведаеце, чаму няма? Вінаваты ня толькі Пашкевіч, вінаватыя і журналісты – асабліва Якубовіч”. Заявіў Аляксандар Лукашэнка ў траўні 1998 году, хаця за чатыры месяцы да гэтага ён падпісаў сакрэтны ўказ, што вызначае сыстэму ягоных зносінаў з журналістамі — як з галоўным рэдактарам “Советской Белоруссии” ў пункце 4.1, гэтак і з замежнымі карэспандэнтамі. Сёньня я папрасіў пракамэнтаваць сакрэтны ўказ Лукашэнкі былога намесьніка кіраўніка ягонай адміністрацыі ў справах ідэалёгіі Івана Пашкевіча… (Кар.: ) “Указ №19 ад 12 студзеня 1998 году – вы што-небудзь пра яго ведаеце?” (Пашкевіч: ) “На жаль, не. 98-ы год, студзень? А я калі прыйшоў у адміністрацыю? Я там працаваў амаль тры гады – гэта ўжо, мабыць, пры мне…” (Кар.: ) “Ці ўсе дакумэнты, што вызначаюць парадак акрэдытацыі і абмяжоўваюць ці неяк датычаць правоў журналістаў, павінны быць надрукаваныя?” (Пашкевіч: ) “Канешне, абавязкова…” Лічыць Іван Пашкевіч, які ёсьць дэпутатам абодвух скліканьняў гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”. А вось як ацэньвае сакрэтны ўказ Лукашэнкі віцэ-прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец: (Бастунец: ) “Тое, што нейкі там нарматыўны акт можа быць не надрукаваны – гэта магчыма, але толькі ў тым разе, калі гэты акт не датычыць правоў і абавязкаў, у нашым выпадку, фізычных асобаў. А гэты ўказ, як мне здаецца, якраз і датычыць правоў журналістаў. Мяне тут больш зацікавіў пункт 4.5, у якім запісана, што неабходны пэрсанальны склад журналістаў і фотакораў для асьвятленьня ў СМІ мерапрыемстваў з удзелам прэзыдэнта РБ вызначае прэс-служба прэыздэнта і служба бясьпекі. Вось у гэтым мне бачыцца парушэньне правоў журналістаў і таксама гэтае парушэньне ўжо такое закаранелае”. Сказаў Андрэй Бастунец, экспэрт Цэнтру праўнай абароны Беларускай Асацыяцыі журналістаў. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |