RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 15 Лістапада 2000

Сёньня



ЦВК Азэрбайджану апублікавала афіцыйныя вынікі парлямэнцкіх выбараў 5 лістападу і назвала чатыры партыі, якія атрымалі месцы ў парлямэнце краіны. Пасьля гэтага дзьве апазыцыйныя партыі адмовіліся ад сваіх дэпутацкіх мандатаў.

13 партыяў і блёкаў вялі барацьбу ў часе парлямэнцкіх выбараў у Азэрбайджане за 25 месцаў у парлямэнце паводле партыйных сьпісаў і 100 месцаў, вызначаных для аднамандатных акругаў.

Адзначу, што самая ўплывовая апазыцыйная партыя Азэрбайджану “Мусават” не была дапушчаная да выбараў, паколькі Цэнтарвыбаркам заявіў, што з 56 тысячаў подпісаў, якія партыя сабрала для ўдзелу ў выбарах, 7 тысячаў – несапраўдныя. Нагадаю, што дзьве траціны сяброў Цэнтарвыбаркаму – гэта сябры партыі “Ені (гэта значыць: “новы”) Азэрбайджан”, якой кіруе сын прэзыдэнта Гэйдара Аліева – 38-гадовы Ільхам.

Гэтая партыя і выйграла выбары. Паводле афіцыйнага падліку, яна атрымала амаль 63% галасоў. На другім месцы – “Народны фронт Азэрбайджану” з 10.8%. Далей партыя Грамадзянскай Салідарнасьці і Камуністычная.

За хадой выбараў сачылі блізу 300 міжнародных назіральнікаў, палова зь якіх аказвала Арганізацыю Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе. На падставах іхных справаздачаў прадстаўнік Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы назваў гэтыя выбары «фарсам» і сказаў, што назіральнікі ад ПАРЭ яшчэ «нідзе ня бачылі гэткай колькасьці фальсыфікацыяў».

У сваю чаргу прадстаўнікі апазыцыйных партыяў выступілі з заявай, у якой падкрэсьлілі, што «ўлады нясуць адказнасьць за масавае фальшаваньне на выбарах і за невыкананьне сваіх абавязкаў перад Радай Эўропы». Сярод парушэньняў, адзначаных назіральнікамі, фігуруюць: падкіданьне бюлетэняў на карысьць «Ені Азэрбайджан», хабарніцтва і запалохваньне выбаршчыкаў.

І вось учора, пасьля афіцыйнага абвешчаньня вынікаў выбараў, прадстаўнікі апазыцыйных «Народнага Фронту» і «Грамадзянскай салідарнасьці», якія атрымалі адпаведна 4 і 2 месцы ў парлямэнце, адмовіліся ад гэтых месцаў. У адпаведнай пастанове апазыцыя заявіла, што новы парлямэнт абраны «ў выніку татальнай фальсыфікацыі вынікаў выбараў і з парушэньнем Канстытуцыі краіны ды міжнароднага права, а таму яны не адлюстроўваюць волі народу».

У сувязі з гэтым апазыцыя заклікала сваіх прыхільнікаў у наступную сыботу правесьці акцыі пратэсту.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org