RFE/RL |
Серада, 15 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Прадстаўнікі партыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную Раду Дэмакратычных Сілаў аб’яднанае апазыцыі знаходзяцца ў Заходняй Эўропе. Мэта паездкі – данесьці да асноўных эўрапэйскіх інстытуцыяў інфармацыю пра вынікі “Байкоту-2000” і пэрспэктывы прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2001 г. Як паведаміў нам адзін з сяброў групы, кіраўнік БНФ “Адраджэньне” Вінцук Вячорка, удзельнікі паездкі хочуць пабачыць салідарную пазыцыю ўсіх заходніх краінаў у справе ацэнкі вынікаў байкоту і непрызнаньня саміх выбараў. Сябры групы спадзяюцца атрымаць палітычную падтрымку пэрспэктываў Беларусі ў пераходзе да дэмакратыі і захаваньня незалежнасьці. У папярэднія дні група мела сустрэчы з прадстаўнікамі: у Парыжы – міністэрства замежных справаў Францыі, у Бэрліне – з сябрамі Бундэстагу і дзяржаўным міністрам, у Брусэлі – з эўрапэйскім камісарам у міжнародных справах Крысам Паттэнам. Гаворыць Вінцук Вячорка: (Вячорка: ) “Адразу зазначу, што ва ўсіх сустрэчах мы пачыналі размову са сьведчаньня пра брутальны разгон маладзёвай пратэстацыйнай акцыі ў Менску 12 лістапада і ўсюды атрымлівалі поўнае разуменьне і станоўчы адказ на нашую просьбу вельмі востра і жорстка рэагаваць на гэтыя спробы распачаць новую хвалю рэпрэсіяў. З Крысам Паттэнам была вельмі важная сустрэча. Мы атрымалі пацьверджаньне таго, што Палата Прадстаўнікоў ня будзе прызнаная, як створаная ў выніку заведама недэмакратычных выбараў. Ну, і істотным матывам у нашых размовах былі паралелі паміж Сэрбіяй і Беларусьсю. Потым была сустрэча ў міністэрстве замежных справаў зь Дзяржаўным міністрам Крыстафам Цёппелем, у часе якой ён сказаў, што падтрымка Расеяй антыдэмакратычнага рэжыму ў Беларусі супярэчыць дэмакратычнай пэрспэктыве самой Расеі. Усе нашыя суразмоўцы вельмі цешыліся з таго, што ў Беларусі дзейнічае рэальны цэнтр Аб’яднанай апазыцыі і заклікалі нас захоўваць гэтае адзінства ў стратэгіі і тактыцы”. (Сокалаў-Воюш: ) “Ці вашая група выглядае як менавіта аб’яднаная апазыцыя?” (Вячорка: ) “Нашая група і ёсьць аб’яднаная апазыцыя. Мы выступаем як адна скансалідаваная каманда, якая ўжо зьдзейсьніла палітычную перамогу, пасьпяхова правёўшы кампанію “Байкот-2000” і тым адабраўшы ў рэжыму Лукашэнкі ўпэўненасьць у ягоным заўтрашнім дні. Мы маем дакладна прапісаную стратэгію на 2001 год, якая завязваецца вакол вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Цэнтар прыняцьця гэтых палітычных рашэньняў – Каардынацыйная Рада дэмакратычных сілаў”. (Сокалаў-Воюш: ) “І, нарэшце, што адбылося сёньня?” (Вячорка: ) “Мы прыбылі ў Страсбург. Зараз мы маем сустрэчу з дэпутатамі Эўрапэйскага Парлямэнту Янам Віерсмам, Леннартам Сэкрэдэўсам, Элізабэт Шроттар і шэрагам іншых эўрапарлямэнтароў. Сёньня ж маем дзьве сустрэчы ў Эўрапарлямэнце і сёньня ж адбываем у Лёндан”. Гутарыў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |