RFE/RL |
Серада, 15 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Губэрнатар Тэхасу, кандыдат рэспубліканскай партыі на пасаду прэзыдэнта ЗША Джордж Буш апярэджвае свайго суперніка кандыдата дэмакратаў віцэ-прэзыдэнта Эль Гора на 300 галасоў паводле вынікаў выбараў у штаце Флярыда. Такую заяву зрабіла Дзяржаўны сакратар штату Кэтрын Гарыс пасля таго, як учора апоўдні скончыўся афіцыйны тэрмін падачы галасоў для ўсіх 67 выбарчых акругаў штату. Ад выніку выбараў у Флярыдзе залежыць, хто будзе наступным 43-м прэзыдэнтам ЗША. І, як выглядае, абвешчаная сябрам рэспубліканскай партыі, Дзяржаўным сакратаром Флярыды Кэтрын Гарыс перавага Буша ў 300 галасоў з амаль 6 млн. тых, хто прагаласаваў – яшчэ далёка не канчатковая перамога. Тры выбарчыя акругі, дзе пражываюць пераважна прыхільнікі дэмакратычнай партыі – Палм Біч, Маямі Дэйд, і Бровард – хаця і перадалі вынікі сваіх падлікаў, але на падставе пастановы суду будуць працягваць падлік галасоў уручную і, магчыма, пазьней прадставяць новыя вынікі. Кэтрын Гарыс паркамэнтавала гэтую акалічнасьць наступным чынам: (Гарыс: ) “Тры флярыдзкія акругі Палм Біч, Маямі Дэйд і Бровард могуць быць незадаволеныя тым, што вынікі іх пераліку ўручную, якія не былі скончаныя да гэтага тэрміну, не ўлічаныя”. Праўда, палітычныя камэнтатары сцвярджаюць, што магчыма, канчатковыя вынікі падлікаў у гэтых акругах ня будуць карэнным чынам адрозьнівацца ад папярэдніх. Справа ў тым, што чацвертая акруга, Валузія, пасьпела правесьці ручны пералік галасоў да ўчорашняга дня, і канчатковыя вынікі прынесьлі ўсяго 96 дадатковых галасоў Эль Гору. А гэтага для перамогі недастаткова. Цяпер на падставе пастановы суду тры флярыдзкія акругі будуць працягваць ручны пералік галасоў. І ў пятніцу яны зьбіраюцца перадаць канчатковыя вынікі ўладам штату. У пятніцу таксама будуць падлічаныя прыблізна 2 тысячы галасоў, прысланыя па пошце з замежжа. Але ці прызнаюць улады Флярыды вынікі пераліку галасоў у некаторых флярыдзкіх акругах? Такое пытаньне задаюць на старонках амэрыканскіх газэтаў шматлікія амэрыканскія палітычныя камэнтатары. Тэры Люіс, акруговы флярыдзкі судзьдзя, прыняў пастанову, што Дзяржаўны сакратар Флярыды Кэтрын Гарыс мае права не прыняць пад улік вынікі ручнога пераліку галасоў. Але адначасна ён адзначыў, што яна ня можа зрабіць гэта “беспадстаўна”. Судзьдзя таксама паставіў ёй 5 пытаньняў, без адказу на якія яна ня можа адмовіцца разглядаць новыя вынікі. Люіс, аднак, не згадзіўся з патрабаваньнем дэмакратаў, якія хочуць адсунуць сябру рэспубліканскай партыі спадарыню Гарыс ад фармаваньня выбарчай кампаніі ў Флярыдзе. Былы дзяржаўны сакратар ЗША, а цяпер спэцыяльны назіральнік Эль Гора за вынікам выбараў у Флярыдзе Уорэн Крыстафэр, пракамэнтаваў пастанову суду наступным чынам: (Крыстафэр: ) “Суд вырашыў, што дзяржаўны сакратар Флярыды ня мае права не дазволіць далейшы пералік галасоў пасля 5 гадзіны вечара сёньня. Суд сьцьвердзіў, што яна павінна прыняць і разгледзець галасы, падлічаныя пасьля гэтага часу”. Між тым у акрузе Палм Біч, дзе прагаласавала больш за 400 тыс. выбаршчыкаў,
суды прынялі да разгляду як мінімум 10 справаў парушэньня працэдуры галасаваньня.
Мікола Іваноў, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |