Сёньня ў Горадні працягваліся суды над удзельнікамі акцыі "Моладзь патрабуе
пераменаў", якая адбылася 12 лістапада.
У першай палове дня былі зачытаныя прысуды для дзьвюх студэнтак, суды
над якімі адбыліся яшчэ ўчора. Іна Мялешка атрымала толькі папярэджаньне,
а Алена Машкала—20 мінімалак штрафу. Гэта былі прысуды судзьдзі Дзьмітрыя
Дземчанкі – у пэўнай ступені лібэральнага ў параўнаньні з Сяргеем Ярашэвічам,
які ўчора адразу пачаў з двух штрафаў па 30 мінімалак.
Сёньня сп-р Ярашэвіч пасьпеў разгледзець яшчэ тры справы. Вынікі такія.
Беспрацоўная Натальля Капцевіч атрымала 20 мінімалак штрафу. Гэта – 72
тысячы рублёў. Наступнай была студэнтка Вольга Філіповіч. Ёй судзьдзя вынес
толькі папярэджаньне, улічваючы, па яго словах, сардэчнае раскаяньне. Хаця
раскаяньня не было, дзяўчына папросту прызнала, што ўдзельнічала ў пікеце.
Яна трымала бяскрыўдны плякат з адным толькі словам: "Пераменаў".
Прадстаўнік Гэльсынскага камітэту Аляксандр Антанюк зьвярнуў увагу судзьдзі
на канстытуцыйнае права грамадзянаў выказваць свае погляды і на тое, што
Беларусь падпісала міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.
“Калі судзіць за гэткі бяскрыўдны плякат, дык Беларусь будзе кепска выглядаць
у наступным годзе, калі ёй давядзецца рабіць справаздачу аб стане з правамі
чалавека ў краіне,” – зазначыў сп-р Антанюк. Гэты выступ мог станоўча паўплываць
на рашэньне суда.
Аднак наступным прысудам зноў быў штраф. 25-гадовы Андрэй Мельнікаў,
які трымаў сьцяг Маладой Грамады, павінен будзе сплаціць 20 мінімальных
заробкаў штрафу.
Сяргей Астраўцоў, Горадня
|