RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 14 Лістапада 2000

Сёньня



Менская міліцыя пачала пошук арганізатараў моладзевай акцыі “Пераменаў!”. Павал Севярынец, Цімох Дранчук і Аляксей Чарняеў вымушаныя хавацца ад міліцыянтаў.

Супрацоўнікі розных сталічных пастарункаў цяпер актыўна цікавяцца, дзе знаходзяцца лідэр “Маладога Фронту” Павал Севярынец і кіраўнік арганізацыі “Моладзевая Салідарнасьць” Цімох Дранчук. Гэтыя арганізатары акцыі “Пераменаў!” ўжо ня раз затрымліваліся міліцыяй у часе розных несанкцыянаваных акцыяў.

Вось што паведаміў нашаму радыё Цімох Дранчук:

(Дранчук: ) “Зусім нядаўна мне пазванілі бацькі і сказалі, што да іх дадому, дзе я прапісаны, прыходзілі міліцыянты і патрабавалі перадаць позву ў Партызанскі РАУС, каб я прыйшоў на допыт у якасьці сьведкі. Мае бацькі яе не ўзялі, і міліцыянты сыйшлі. Таксама вельмі актыўна шукаюць Паўла Севярынца – ён, як і я, вымушаны хавацца. У штаб-кватэру БНФ некалькі разоў тэлефанавалі прадстаўнікі з розных РАУСаў, патрабавалі, каб ён зьявіўся на допыт.”

На жаль, адшукаць двух іншых арганізатараў акцыі “Пераменаў!” — кіраўніка “Маладога Фронту” Паўла Севярынца ды ягонага намесьніка Аляксея Чарняева — не ўдалося, бо ад нядзелі яны дома не начуюць.

Кіраўнік прэсавага цэнтру Гарадзкое ўправы міліцыі Натальля Лапо паведаміла нашаму радыё, што цяпер ідуць апэратыўныя захады ў дачыненьні да арганізатараў акцыі 12 лістапада, але крымінальная справа на іх пакуль ня заведзеная. Паводле Натальлі Лапо, розныя раённыя аддзелы міліцыі вялі разьбіральніцтва пэрсанальна з кожным затрыманым апазыцыянэрам, а цяпер займаюцца і арганізатарамі акцыі.

Памочнік намесьніка старшыні гарадзкога выканкаму Анатоль Астахаў лічыць, што арганізатары несанкцыянаванай акцыі павінны несьці за яе адказнасьць, нягледзячы на тое, што за некалькі дзён яны й адмовіліся ад сваёй заяўкі.

Паводле Цімоха Дранчука, у мінулую пятніцу, пад час сустрэчы з кіраўніцтвам менскае міліцыі, прадстаўнік гарадзкое пракуратуры папярэдзіў лідэраў моладзевае кааліцыі, што ў выпадку правядзеньня несанкцыянаванае дэманстрацыі шэраговыя яе ўдзельнікі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай, а арганізатары — да крымінальнай адказнасьці. Спадар Дранчук лічыць, што гэтыя словы не былі пустой пагрозаю, і цяпер іх могуць прыцягнуць да крымінальнае адказнасьці дзеля запалохваньня ўдзельнікаў будучых несанкцыянаваных акцыяў.

Чаму ж менская міліцыя спахапілася й пачала шукаць арганізатараў акцыі толькі цяпер? Некаторыя назіральнікі нават выказвалі меркаваньне, што міліцыя адмыслова не затрымлівае арганізатараў акцыі, каб даць падставу для чутак, што моладзевыя лідэры пайшлі на змову з уладамі ды такім чынам разваліць кааліцыю “Пераменаў!”. Вось меркаваньне Цімоха Дранчука:

(Дранчук: ) “Такія пытаньні ўзьнікалі ў многіх: чаму менавіта нас, арганізатараў, ніводнага не затрымалі пасьля акцыі. Патлумачыць гэта я сам магу толькі тым, што нам пашанцавала. А зь іхнага боку, я думаю, хутчэй за ўсё, проста не было канкрэтнага загаду некалькі дзён, і яны ня ведалі, што рабіць і таму актыўна нас не шукалі. Наўрад ці такім чынам яны хацелі ўнесьці раскол: усё-ткі няма канкрэтнасьці ў іхных дзеяньнях. Мабыць, загаду канкрэтнага ўсё ж не было.”

Спадар Дранчук таксама паведаміў, што доўга заставацца ў падпольлі арганізатары акцыі намеру ня маюць.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org