RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 14 Лістапада 2000

Сёньня



Беларускі пасол у Чэхіі Бельскі, нягледзячы на рану, атрыманую пасьля ўчорашняга нападу на яго, працягвае працаваць у звыклым рэжыме.

Як мы паведамлялі, учора ўвечары амаль у самым цэнтры Варшавы быў зьдзейсьнены бандыцкі напад на машыну пасла Беларусі ў Чэхіі Ўладзімера Бельскага. У выніку нападу быў скрадзены аўтамабіль пасольства Мэрсэдэс клясы Е, рэчы і дакумэнты. У самога пасла, які спрабаваў перашкодзіць рабаўнікам, была зламаная рука.

Як паведамілі нам сёньня ў пасольстве Беларусі ў Чэхіі, спадар Бельскі, нягледзячы на атрыманае пашкоджаньне, працягвае працаваць у звыклым рэжыме. “Мы спадзяемся на тое, што аўтамабіль і дакумэнты будуць вернутыя, але ўсё залежыць ад праваахоўчых ворганаў Польшчы,” – зазначылі  ў сакратарыяце пасольства.

Паводле прэсавага сакратара Галоўнай камэндатуры польскае паліцыі Паўла Бедзяка, праваахоўчыя ворганы праводзяць усе неабходныя для гэтае справы сьледчыя мерапрыемствы. Павал Бедзяк запэўніў нас, што рабунак мае выключна
крымінальны характар, і казаць пра нейкі палітычны момант тут нельга.

(Бедзяк: ) “Усе мерапрыемствы, якія мы дагэтуль выканалі, сьведчаць пра тое, што мы маем дачыненьне з тыпова крымінальным злачынствам. Злачынцы сыгналізавалі на аварыю ў аўтамабіле, а пасьля таго, як пасол затрымаў машыну і выйшаў, каб спраўдзіць у чым справа, злачынцы выкарысталі тое, што ключ быў пакінуты ў стартавым замку і, ударыўшы пасла, зьехалі на ягонай машыне.”

(Кар.: ) “Ці разглядаецца  палітычная вэрсія гэтае падзеі, ці ўсё ж гэта было выключна крымінальнае злачынства?”

(Бедзяк: ) “ Гэта клясычны напад. Такіх нападаў у Польшчы фіксуем каля 20-30 штогод і датычаць яны ў асноўным люксавых аўтамабіляў. Фіксуем гэтую мэтоду дзеяньняў, гэта так званая мэтода “на кола”. Злачынцы ня могуць адолець сучасных ахоўных прыстасаваньняў аўтамабіляў новае гэнэрацыі і крадуць іх, пакідаючы папросту гаспадара на вуліцы.”

(Кар.: ) “Але ж злачынцы не маглі ня ведаць, што аўтамабіль належыць дыпляматычнаму корпусу…”

(Бедзяк: ) “Для злачынцаў ня мае значэньня чый гэта аўтамабіль. Значэньне мае толькі кляса ды ягоная марка.”

(Кар.: ) “Цікава, а ці дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы крымінальныя групоўкі, якія  спэцыялізуюцца на рабаваньні выключна грамадзянаў Беларусі?”

(Бедзяк: ) “ Не, абсалютна нічога такога не фіксуем. Тыя злачынцы, якія сёньня забіраюць Мэрсэдэс у пасла Беларусі, заўтра крадуць новы аўтамабіль у жыхара Варшавы, а пасьлязаўтра ў грамадзяніна Нямеччыны. Гэта ёсьць выключна крымінальная злачыннасьць.”

У адказ на факт разбойнага нападу на аўтамабіль пасла Беларусі ў Чэхіі Ўладзімера Бельскага Беларускае Міністэрства замежных справаў падала польскаму боку афіцыйную ноту пратэсту. Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Гжэгож Дземідовіч адмовіўся даць мне інфармацыю пра зьмест і характар гэтае ноты. Пры гэтым ён спаслаўся на тое, што дадзены акт зьяўляецца міждзяржаўным дакумэнтам. Аднак, Гжэгож Дземідовіч заявіў, што Польшча абавязкова адрэагуе на ноту беларускага боку, трэба толькі дачакацца канчатковых вынікаў сьледзтва.

Павал Мажэйка, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org