RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 14 Лістапада 2000

Сёньня



Сёньня Лукашэнка асабіста прыбыў у Магілеў на нечарговую сэсію вабласнога савету дэпутатаў, каб прадставіць новага кіраўніка вабласной вэртыкалі. На прэс-канфэрэнцыі ён шмат казаў пра будучыя прэзыдэнцкія выбары і сваіх ворагаў.

Кандыдатура Барыса Батуры, зразумела, ня выклікала ў магілеўскіх дэпутатаў ніякіх пярэчаньняў. Новы кіраўнік вобласьці зацьверджаны адзінагалосна пасьля некалькіх усхваленьняў, якія на мове чыноўнікаў называюцца “абмеркаваньнем кандыдатуры”. Паводле Лукашэнкі, немалую ролю пры выбары адыграў ня толькі багаты вопыт Батуры, але і ягоная “прэзэнтабельнасьць: зьнешнасьць, якая вынікае з мазгоў”.

Перад Батурам пастаўленая задача стабілізаваць цэны і падвысіць даходы насельніцтва. Але Лукашэнка папярэдзіў усіх, што патрабаваньні будуць з цягам часу яшчэ больш жорсткімі з-за сытуацыі вакол краіны.

“Атакі пачаліся з расейскіх тэлеканалаў,” – сказаў кіраўнік Беларусі. Пачаткам ён назваў фільм пра зьнікненьні людзей у Беларусі і агучыў галоўную вэрсію зьнікненьня Зьміцера Завадзкага, на якую выйшлі праваахоўчыя ворганы: чачэнскі сьлед, інтэрвію і помста людзей з Беларусі, якіх ён там бачыў.

Лукашэнка напрасткі абвінаваціў у тым, што здарылася з Завадзкім, Паўла Шарамета, які нібыта “уцягнуў апэратара ў чачэнскую гісторыю”. На прэс-канфэрэнцыі ён нават абразіў Шарамета, а таксама выказаў упэўненасьць, што ўсе зьніклыя дзеячы апазыцыі вернуцца, як знайшліся Віньнікава і Батурын.

Лукашэнка з трыбуны магілеўскай сэсіі папярэдзіў усіх, хто чакае “югаслаўскага варыянту”. Ён лічыць, што Беларусь у сваім – памяркоўным – стылі перажыла яго ў 1996 годзе, калі пайшла на рэфэрэндум.

На пытаньні журналістаў пра надзеі на паляпшэньне двухбаковых беларуска-амэрыканскіх зносінаў у сувязі  з выбарамі прэзыдэнта ЗША, Лукашэнка адказаў, што сапраўды гэтага чакае, але “гэта не ад нашага боку залежыць”.

Ён заявіў, што ня будзе спакойна сачыць за тым, як спрабуюць зламаць уладу, якую яму даў народ. Таму ў зьвяз з гэтым пэўнае ўражаньне зрабілі словы кіраўніка Беларусі пра ваенныя справы. Паводле Лукашэнкі, беларуская армія – самая баяздольная на постсавецкай прасторы – у наступным годзе павялічыць сваю моц на 30%, каб, як сказаў Лукашэнка, “да нас ніхто ня сунуўся”.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org