RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 14 Лістапада 2000

Сёньня



У Менску працягваюцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі несанкцыянаванай акцыі моладзевых арганізацыяў 12 лістапада.

Сёньня ў Савецкім судзе на працягу дзьвюх гадзінаў разглядалася адміністрацыйная справа студэнта радыётэхнічнага ўнівэрсытэту Івана Цітовіча. У выніку: прысуд — 20 мінімальных заробкаў штрафу. Іван Цітовіч паведаміў радыё Свабода з судовай залі:

(Цітовіч: ) “Судзьдзя Рэлява Аксана Анатолеўна выпісала мне – студэнту, які мае 9 тысячаў рублёў стыпэндыі на месяц – штраф у памеры 72 тыс. рублёў. Гэта складае 8 месяцовых маіх стыпэндыяў. Такім чынам пакаралі маіх бацькоў, а не мяне, бо такі высокі штраф я сам сплаціць ня ў стане.”

Сярод затрыманых былі дзьве дзяўчыны, якім толькі споўнілася 18 год. Гэта Надзея Грачуха з Барысава, вядомая нашым слухачам па крымінальнай справе за спальваньне чырвона-зялёнага сьцяга ля рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў ліпені 99-га году, і Вольга Цімашук. Яны атрымалі папярэджаньні.

Тым часам у Першамайскім судзе пад час разгляду адміністрацыйных справаў Сяргея Шмялёва, Руслана Харкевіча і Дзяніса Яроменкі высьветлілася, што пратаколы ў Першамайскім РАУСе былі аформленыя не належным чынам. Учора старшыня Савецкага суду з гэтае прычыны не прыняў справы да разгляду з Маскоўскага й Савецкага РАУСаў. Іх тэрмінова перарабілі.

Адвакат Сяргей Цурко так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю нашаму радыё:

(Цурко: ) “Або гэта непрафэсіяналізм, або — абыякавае стаўленьне да працы. Не паставіць дату — гэта неахайнасьць, а вось не ўказаць мейсца й час затрыманьня — гэта ўжо юрыдычнае пытаньне. Такія рэчы трэба ведаць.

Даволі часта такія пратаколы складваюцца нават пад капірку. Подпісы закрэсьліваюць і ставяць свае. Таму й паказаньні такіх супрацоўнікаў міліцыі ў судзе ілжывыя. Яны ня ведаюць, што казаць і, таму кажуць тое, што загадала кіраўніцтва. На жаль, заканадаўствам не прадугледжаная крымінальная адказнасьць за ілжывыя паказаньні ў адміністрацыйных і грамадзянскіх справах”.

Яго падабаронны анархіст Сяргей Шмялёў быў моцна зьбіты ў часе затрыманьня. Ён лічыць, што такім чынам салдаты ўнутраных войскаў адпомсьцілі за леташні “Марш Свабоды”. Гаворыць Сяргей Шмялёў:

(Шмялёў: ) “Мне закруцілі рукі, ударылі дубінкай некалькі разоў па галаве, па нагах – каб я ня ўцёк, падбілі вока. Пару мэтраў яшчэ працягнулі на бандане, ледзь не прыдушыўшы. Пасьля цягнулі на вывернутых руках і потым запхнулі ў аўтобус. У мяне ўражаньне, што яны помсьцяць нам за ранейшыя акцыі – у тым ліку, за Марш Свабоды. Яны думаюць на нас адыграцца.

У Першамайскім РАУСе да нас ставіліся нармальна. Праўда, я ведаю, што некаторых іншых затрыманых усё-ткі білі, у тым ліку аднаго майго сябра адвялі ў габінэт і некалькі разоў ударылі”.

Сяргей Шмялёў не пажадаў зафіксаваць пабоі, бо лічыць, што прыцягнуць у Беларусі да адказнасьці міліцыянта — справа амаль безнадзейная.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org