RFE/RL |
Аўторак, 14 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Заўтра Беларускае дзяржаўнае радыё з размахам адзначае сваю 75-ю гадавіну. Але самі супрацоўнікі лічаць, што падставаў да весялосьці мала. Прычыны найперш у мізэрных заробках і неспрыяльным для творчасьці маральным клімаце ў калектыве. Ужо больш за 6 год нязьменны кіраўнік дзяржаўнага радыё — вылучэнец Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімер Ядранцаў. Менавіта з гэтай фігураю шмат хто зьвязвае нэгатыўныя зьмены, што адбыліся пад дахам Дома радыё. Зноў вернутыя ідэалягічны дыктат і шматступенная цэнзура, у выніку чаго шэраг незгаворлівых супрацоўнікаў аказаліся ў літаральным сэнсе выжытымі з будынку на вул. Чырвоная, 4. Адзін зь першых такіх пацярпелых — былы галоўны рэдактар Радыё-2 Ўладзімер Дзюба. (Дзюба: ) “Сёньня дзяржаўнае радыё не выконвае тую функцыю, якую павінна. І зьвязана гэта з жорсткай цэнзурай. Як вядома, і на радыё, і на тэлебачаньні праводзіцца адна лінія “правільная” адзіная. Гэта проста ганебная зьява для цывілізаванага грамадзтва: сёньня на радыё працуюць так званыя “куратары”, бяз подпісу якіх ніводная праграма ў эфір не выходзіць. Бываюць такія камічныя, абсурдныя выпадкі: напрыклад, напярэдадні Вялікадня была зьнятая з эфіру першай праграмы радыё перача пра сьвятога апостала Луку. У кіраўніка радыё ўзьніклі нейкія асацыяцыі, і ён гэтую перадачу забараніў выдаваць у эфір. Ну што на гэта сказаць?” Стасункі Ўладзімера Ядранцава з папярэднім кіраўніком Нацыянальнае тэлерадыёкампаніі Рыгорам Кісялём цягам усяго часу заставаліся складанымі. Вынікам непаразуменьняў стала набыцьцё некаторымі радыйнымі рэдакцыямі адноснае незалежнасьці. Аднак з прыходам Віктара Чыкіна сытуацыя, так бы мовіць, стабілізавалася і ўсе “блудныя авечкі” — у прыватнасьці, радыё “Сталіца” і “Радыёфакт” — вернутыя ў статак. У адрозьненьне ад Кісяля, які амаль не наведваў Дом радыё, Чыкін кожны аўторак прыязджае сюды на рэдакцыйныя нарады. Такім чынам, разрэклямаваная рэвізія Беларускае тэлевізіі яшчэ раней была апрабаваная на дзяржаўным радыё. Дарэчы, заўтрашняе сьвяткаваньне юбілею радыё ў канцэртнай залі “Мінск” маецца наведаць Аляксандар Лукашэнка. Пад час папярэдняга юбілею Лукашэнка невядома зь якіх памкненьняў падараваў радыйнаму калектыву прафэсійную камэру “Бэтакам”, якую, дарэчы, за 5 гадоў так ніхто больш і ня ўбачыў. Супрацоўнікі спадзяюцца, што сёлетні падарунак будзе больш функцыянальна карысным і згаджаюцца нават на грашовыя прэміі, бо сярэдні заробак апошнімі гадамі не перавышае ў эквіваленце $50. Паводле спадара Ядранцава, у 75-гадовай гісторыі дзяржаўнага радыё ёсьць толькі адзін ганебны пэрыяд, пра які лепш ня ўзгадваць — гэта першая палова 90-х. Менавіта таму на імправізаванай фотавыставе насупраць габінэту кіраўніка радыёкамітэту няма працаў, прысьвечаных першым сьмелым экспэрымэнтам у галіне вяшчаньня напачатку 90-х. А здымкі, дзе прысутнічаў першы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі сувэрэннай Беларусі Генадзь Бураўкін, як сьцьвярджаюць некаторыя дасьведчаныя асобы, Ядранцаў зьліквідаваў уласнымі рукамі. Зараз касьцяк большасьці рэдакцыяў складаюць асобы перадпэнсійнага й пэнсійнага веку. На аналягічны кантынгэнт слухачоў разьлічаныя і перадачы беларускага дзяржаўнага радыё. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |