RFE/RL |
Аўторак, 14 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
Генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Пётр Пётух заявіў сёньня, што будаўніцтва новых газаправодаў праз Беларусь не сапсуе стасункаў з Украінаю. У прыватнасьці, кіраўнік “Укргазпраму” прыедзе на 40-гадовы юбілей “Белтрансгазу”. Беларускае кіраўніцтва захопленае новымі газаправоднымі праэктамі і сьцьвярджае, што яны дадуць Беларусі вялікія прыбыткі. Як паведаміў сёньня кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства “Белтрансгаз” Пётр Пётух, Беларусь цяпер купляе газ па цане 30 даляраў за тысячу кубамэтраў, а, да прыкладу, Украіна — за 50, Летува — за 76 даляраў. Усясьветная цана газу — каля ста даляраў за тысячу кубамэтраў. Сёлета транзыт расейскага газу празь Беларусь складзе каля 25 мільярдаў кубамэтраў. Праз Украіну йдзе пакуль што 116 мільярдаў. На наступны год беларускі транзыт павялічыцца на 4,5 мільярды кубамэтраў, а з уводам новых пэрспэктыўных газаправодаў, найперш “Ямал–Эўропа” на працягу двух–трох гадоў транзыт вырасьце ўдвая, — зазначае Пётр Пётух. У першым паўгодзьдзі наступнага году мусіць быць уведзеная другая чарга першае ніткі газаправоду Ямал–Еўропа празь Беларусь — ад Смаленску да Нясьвіжу. Застанецца пабудаваць яшчэ тры кампрэсарныя станцыі ў Крупках, Оршы й Менску. Пра ўвод другое чаргі газаправоду “Ямал–Эўропа” паведамляе кіраўнік “Белтрансгазу”: “Уся труба цалкам ляжыць у зямлі, гатовая, не хапае толькі трайнікоў і адводаў. Яны неўзабаве паступаюць у Беларусь, кантракты ўжо падпісаныя. Ужо ў першым квартале наступнага году мы адпрацуем усе кранавыя пляцоўкі і вырашым усе праблемы па завязцы ўсіх вузлоў другое чаргі газаправоду Ямал–Эўропа, прыёмка якой будзе падпісана ў першым паўгодзьдзі”, — паведаміў Пётр Пётух. Ён дадаў, што за год першая нітка можа ў пэрспэктыве транспартаваць да 34 мільярдаў кубамэтраў газу. На гэты момант узгодненыя асноўныя парамэтры і другой ніткі, якая праляжа паралельна першай. Гаворыць Пётр Пётух: “Яна ў нас па ўсіх кранавых пляцоўках калідору вызначаная, але рашэньне, калі мы пачнем яе будаваць, пакуль не прынятае. Яна будзе каштаваць каля 1.200–1.400 мільёнаў даляраў. Але я думаю, што недзе адсоткаў на 40–45 яна будзе таньней”, — адзначыў Пётр Пётух. Акрамя таго, ужо падпісанае пагадненьне пра будаўніцтва газаправоду-перамычкі з Кобрыня ў Славакію праз Польшчу. Гэты газаправод пройдзе празь 70 кілямэтраў беларускае тэрыторыі, зараз вядзецца ўзгадненьне з польскім бокам. Пётр Пётух паведаміў, што на цяперашнім будаўніцтве газаправоду “Ямал–Эўропа” Беларусь зарабляе штогод 35–40 мільёнаў даляраў, якія ідуць на аплату газу. Аляксандар Лукашэнка днямі казаў, што ў хуткім часе Беларусь будзе мець расейскі газ толькі за кошт транзыту і што дабрабыт беларусаў у выніку вырасьце ўдвая… Пётр Пётух прызнаў справядівасьць гэтых словаў, але калі канкрэтна гэта здарыцца, патлумачыць ня змог. Разьлікі з “Газпромам” — вельмі далікатная тэма, таму Пётр Пётух не пажадаў нешта канкрэтызаваць, у тым ліку й цану газу для Беларусі на будучы год, пагадненьне пра якую пакуль што рыхтуецца. Але відавочна, што яна ня будзе складаць цяперашнія трыццаць даляраў за тысячу кубамэтраў, паколькі вырасьце і ўнутрырасейская цана на газ. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |