RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 14 Лістапада 2000

Сёньня



Прызначэньне былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі многія назіральнікі зьвязваюць з абвастрэньнем кулюарнае барацьбы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ у прызначэньні намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі Юрыя Сівакова, былога міністра ўнутраных справаў, адпраўленага ў красавіку ў адстаўку. Паводле Лукашэнкі, ў адміністрацыі Сівакоў будзе адказваць за кадравыя пытаньні.

“Час цяжкі, наперадзе прэзыдэнцкія выбары, праблемаў будзе дастаткова, атакі ўжо пачаліся”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка пад час учорашняе сустрэчы зь Юрыем Сіваковым і пры гэтым ацаніў стаўленьне апазыцыі да былога міністра як “нармальнае”ды “добрае”. Кіраўнік беларускае дзяржавы заявіў, што новае прызначэньне Сівакова сьведчыць пра тое, што ён, Лукашэнка, не баіцца апазыцыі.

Юрыю Сівакову 55 год, ён беларус, нарадзіўся ў Расеі, на Сахаліне. Да прызначэньня міністрам камандаваў унутранымі войскамі, а яшчэ раней працаваў у Радзе Бясьпекі, куды прыйшоў з вайсковае службы. Назіральнікі сьцьвярджаюць, што за Сіваковым спачатку стаяў сакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман, але потым іхныя адносіны разладзіліся і, маўляў, менавіта Шэйман спрычыніўся да раптоўнай адстаўкі Сівакова сёлета ў красавіку. Фармальна Сівакоў сышоў з-за кепскага стану здароўя, але сапраўдныя прычыны невядомыя.

Журналістка “Белорусской деловой газеты” Ірына Халіп, якой адзінай удалося ўзяць ў Сівакова інтэрвію пасьля адстаўкі, кажа, што, паводле ейных дадзеных, ён сышоў па асабістаму жаданьню, і гэты крок зьвязаны зь сёлетнімі падзеямі 25 сакавіка, калі міліцыяй у Менску былі затрыманыя дзясяткі журналістаў. Халіп, аднак, не падзяляе ацэнкі, якую даў Аляксандр Лукашэнка стаўленьню апазыцыі да Юрыя Сівакова…

(Халіп: ) “Мы ж ведаем, што апазыцыя яго ненавідзіць, таму што ў часе кіраваньня менавіта Сівакова пачалі зьнікаць людзі ў Беларусі. Ён вельмі цяжка перажываў сваю адстаўку. Больш таго, я ведаю, што і Лукашэнка ў асяродзьдзі сваіх блізкіх сяброў казаў, што Сівакоў яго задавальняў паводле ўсіх крытэрыяў…”

Гэтак мяркуе журналістка Ірына Халіп. Яна згадвае, што Сівакоў вельмі хацеў вярнуцца да ўлады, а сваю працу інжынэрам у адной прыватнай фірме ўспрымаў выключна як часовую.

Экс-прэм’ер Міхал Чыгір новаму прызначэньню Юрыя Сівакова ня ўзрадаваны. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што былога камандзіра танкавага палку прызначылі падбіраць кіраўніцкія кадры, што не адпавядае ягонай прафэсійнай падрыхтоўцы…

(Чыгір: ) “Я лічу, што гэта ня вельмі добры знак для нашай краіны наогул. Паглядзіце, хто сёньня працуе ў прэзыдэнцкай адміністрацыі: людзі з зоркамі. У гэтым нічога добрага няма: мы ж не да вайны рыхтуемся, а павінны рыхтавацца да паляпшэньня становішча ў эканоміцы. Калі б быў прыняты гэты накірунак, то там працавалі б спэцыялісты народнай наспадаркі: акадэмікі, прафэсары, кандыдаты эканамічных, юрыдычных навук”.

Міхал Чыгір зьвязвае прызначэньне Юрыя Сівакова не столькі з будучай прэзыдэнцкай кампаніяй, колькі з жаданьнем Лукашэнкі мець у адміністрацыі свайго чалавека.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org