RFE/RL |
Аўторак, 14 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
Зварот дырэктараў буйных беларускіх прадпрыемстваў да прэзыдэнта Расеі Пуціна ёсьць чарговай акцыяй у падрыхтоўцы новае прэзыдэнцкае кампаніі Лукашэнкі. Кіраўнікам беларускіх заводаў у ёй адводзіцца роля ўхваленьня кандыдатуры Лукашэнкі. Кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі Міхалу Мясьніковічу даручана падрыхтаваць тэкст звароту дырэктароў найбольш буйных прамысловых падпрыемстваў Беларусі да прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі Ўладзімера Пуціна. У гэтым лісьце кіраўнікі прамысловых гігантаў мусяць расказаць пра тое, як добра ім працуецца пад чуйным кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. І ня толькі расказаць, але — і гэта галоўнае — дакласьці першай асобе Расеі, што адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году ў Беларусі яны бачаць выключна Лукашэнку. Непасрэдна зборам подпісаў даручылі займацца дырэктару Менскага трактарнага заводу Міхалу Лявонаву. Верагодна, таму, што дырэктару прасьцей знайсьці паразуменьне з калегамі. Знайсьці сп. Лявонава зараз немагчыма — ён у замежнай паездцы. Але падрыхтоўка ліста да Пуціна ўжо не зьяўляецца вялікім сакрэтам. Напрыклад, Васіль Шлындзікаў — былы генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства “Амкадор”, у інтэрвію нашаму радыё пацьвярджае гэты факт: “Мне дакладна вядома, што дырэктарам будуць прапаноўваць падпісаць заяву наконт падтрымкі Лукашэнкі. Гэта праўда. Пра гэта гавораць у колах дырэктарату”. Гэта быў былы генэральны дырэктар “Амкадору” Васіль Шлындзікаў. Ці пагодзяцца кіраўнікі прамысловых гігантаў паставіць свае подпісы пад зваротам? Пытаньне зусім не рытарачнае. Месяц таму мне далі магчымасьць паслухаць магнітафонную стужку з запісам нефармальнае сустрэчы дырэктароў некаторых менскіх прадпрыемстваў. Шчыра скажу, такое рэзкае крытыкі ўладаў я ня чуў нават ад вядомых апазыцыянэраў. Але ці наважацца гэтыя ж людзі паўтарыць свае словы публічна? Або ўсё ж ім давядзецца паставіць подпісы пад зваротам? На гэтае пытаньне Васіль Шлындзікаў адказвае наступным чынам: “Яны будуць вымушаныя зрабіць гэта. У іх няма іншага выйсьця”, — гэта быў былы генэральны дырэктар “Амкадору” Васіль Шлындзікаў. І далей спадар Шлындзікаў патлумачыў, што цяпер кіраўнікі прадпрыемстваў цалкам залежаць ад уладаў — абвастрэньне адносінаў пагражае адменай ільготаў, якімі карыстаюцца многія прадпрыемствы, адмовай у выдачы крэдытаў, затрымкай грошай для выплаты заробку і шмат чым іншым. Шмат хто лічыць, што зусім не выпадкова подпісы дырэктароў будзе зьбіраць Міхал Лявонаў. У пэўных палітычных колах ён разглядаецца магчымым кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах ад гэтак званае “трэцяе сілы”. Падобна, што такім далікатным даручэньнем Міхала Лявонава ставяць у двухсэнсоўнае становішча. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |