RFE/RL |
Аўторак, 14 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
(эфір 13 лістапада) Калгасна-саўгасная сыстэма, якая закабаліла сельскага працаўніка, пранікае і ў ягонае прыватнае жыцьцё. Пра гэта сьведчыць гісторыя інваліда Анатоля Лукашэвіча зь вёскі Стараград Кармянскага раёну. Гісторыя на першы погляд банальная. Выгадаваў спадар Лукашэвіч на ўласным падворку бычка і хацеў адвесьці яго на продаж на кірмаш у Гомель або ў якую сталоўку суседняга Чачэрскага раёну, дзе кошты на мяса больш-менш прыймальныя. Памкненьне цалкам зразумелае. У саўгасе “Стараградзкі”, як і ў іншых гаспадарках рэгіёну, невялікі заробак выплачваюць нерэгулярна. Адзіная падмога пры безграшоўі — уласная гаспадарка. Нездарма ж селянін Лявон з камедыі Андрэя Макаёнка “Лявоніха на арбіце” казаў так: “Карова — гэта мая свабода, мая эканамічная незалежнасьць”. На жывёлу разьлічваў і інвалід Анатоль Лукашэвіч, каб за выручаныя грошы справіць дзецям і сабе вопратку, купіць лекі. Але старшыня Стараградзкага сельскага Савету Зінаіда Казачок адмовіла спадару Лукашэвічу даць даведку, што жывёліна вырашчана на ўласным падворку. Без такой даведкі прыватніку нельга прадаць мяса жывёлы на кірмашы. Старшыня спаслалася на забарону раённага выканкаму прадаваць жывёлу за межы раёну. Шляхам такое забароны выканаўчы камітэт імкнецца аднавіць пагалоўе ў калгасах і саўгасах, якое зьменшылася сёлета ў раёне адносна ня лепшага мінулага году на 8 адсоткаў. Пры гэтым і ўлады, і калгасы хочуць скупіць маладняк у жыхароў як мага таньней, бо фінансавае становішча нерэфармаванае сельскае гаспадаркі гаротнае. Зрэшты, падобны на кармянскі мэтад аднаўленьня грамадзкага статку скарыстоўваецца і ў іншых раёнах. Распавядае намесьнік старшыні абласнога сяльгасхарчу Мікола Траціньнікаў: “Мы ведаем патрабаваньне прэзыдэнта адносна аднаўленьня пагалоўя, губэрнатара, і гэтак далей… Сказана нам: вы абы куды жывёлу не аддавайце”, — паведаміў спадар Траціньнікаў. І калгасы, сельскія Саветы, раённыя выканкамы не выпускаюць жывёлу прыватнікаў далей сваіх межаў. Такім чынам у рэгіёне сёлета куплена 27 тысячаў галоў маладняку. А што страты панесьлі вясцоўцы, гэта ўлады асабліва не турбуе. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |