Штопанядзелак мы будзем даваць анонс найбольш цікавых
культурных падзеяў на тыдзень. Сёньня пра тое, што чакаецца ў тэатрах,
канцэртных ды выстаўных залях 13–19 лістапада.
Панядзелак
У Менску ў галярэі “La Sandr” (што разьмешчаная па вуліцы Сьвярдлова,
4) адчынілася экспазыцыя вядомага беларускага акварэліста Ўладзімера Рынкевіча.
Выстава мае паэтычны назоў — “Пакуль расьце трава на Беларусі”, які цалкам
адпавядае зьместу выстаўленых твораў. А тыя нашыя слухачы, якія зараз знаходзяцца
ў Нямеччыне ў Зямлі Паўночны Рэйн – Вэстфалія, гэтымі днямі могуць наведаць
канцэрты Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру Беларусі. Гастролі гэтага слыннага
калектыву ў гарадох Эсэн, Золінгем і Дортмуд, завяршацца 15 лістапада.
Аўторак
Беларускі паэтычны тэатр аднаго актора “Зьніч” запрашае ў гэты дзень
на два свае папулярныя спэктаклі: а 10-й пачнецца “Выгнаньне ў рай” паводле
Н.Рапа, а 12-й — “Маленькі анёлак” паводле С.Кавалёва. І ў абодвух грае
чароўная Галіна Дзягілева. Нагадаем, што тэатар працуе ў дольнай залі менскага
Чырвонага касьцёлу.
Серада
У Пінску стартуе тур па Беларусі моладзевага (і ня толькі) рок-куміру
— гурту “NRM”. Акцыю ладзіць агэнцыя “Лінія гуку” ў падтрымку новага альбому
музыкаў пад назовам “Тры чарапахі”, а кампанія “Bulba Records” адмыслова
дзеля туру выпускае касэтны варыянт альбому. Напрыканцы тыдня на музычным
рынку краіны зьявяцца яшчэ дзьве навінкі зь лёгатыпам гэтае маладое гуказапісвальнае
кампаніі — дыск слыннага фолькгурту “Тройца”, а таксама сольны альбом лідэра
гурту Івана Кірчука. Дзеля таго, каб творы “Тройцы” выйшлі нарэшце на радзіме,
“Bulba Records” зрабіла адважны для пачаткоўцаў крок — выкупіла невыключныя
сумежныя правы ў галяндзкай кампаніі, якая выпускала першы альбом беларускіх
музыкаў, і які быў да гэтага недаступны беларускім слухачом.
Чацьвер
Да 80-годзьдзя Андрэя Макаёнка сталічны Дом літаратара ладзіць вечарыну
памяці аднаго з самых папулярных беларускіх савецкіх драматургаў.
Пятніца
Адразу два міжнародныя музычныя фэсты распачынаюцца ў гэты дзень у
Менску. На сцэне Дому афіцэраў канцэртам знанага ў многіх краінах беларускага
ансамблю “Камэрата” адчыняецца трохдзённы джазавы фэст. А ў вялікай залі
Філярмоніі праграмаю Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру стартуе двухтыднёвая
“Беларуская музычная восень”. Канцэрты гэтага фэсту парадуюць слухачоў
Берасьця, Горадні, Гомелю, Магілеву й Віцебску.
Субота
Спэктаклем “Сэкс па перапісцы” паводле п’есы таленавітага маладога
драматурга Лявона Вашкі адчыняе свае гастролі на сцэне ДК Менскага аўтазаводу
Абласны драматычны тэатар, які стала працуе ў Маладэчне. А выбітны драматычны
рэжысэр Мікола Пінігін запрашае ў суботу на сваю опэрную прэм’ерную пастаноўку
“Барыса Гадунова” на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры.
Нядзеля
З нагоды 90–годзьдзя асьвячэньня Чырвоны касьцёл распачынае дабрачынную
акцыю пад назовам “Храм майго сэрца”, у трохдзённай праграме якога канцэрты
хрысьціянскае музыкі, духоўныя спэктаклі й містэрыі, выставы дзіцячых малюнкаў.
Анонс падрыхтавала
Валянціна Аксак, Менск
|