RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 13 Лістапада 2000

Сёньня



У нядзелю у Чэхіі ўпершыню адбыліся выбары ў новаствораныя органы самакіраваньня рэгіёнаў – так званыя краёвыя прадстаўніцтвы (krajske zastupitelstva). Калі будуць выбраныя і іх кіраўнікі, у краіне зьявяцца першыя гетманы. Адначасова праходзілі таксама выбары трэцяй часткі сэнатараў.

Нагадаю, што Чэхія, як і Беларусь, мае крыху больш за 10 мільёнаў насельніцтва. Ад пачатку гэтага году было ўведзенае новае адміністрацыйнае дзяленьне краіны – на 14 краёў, што стала крокам да самакіраваньня рэгіёнаў. Так, кожны край цяпер будзе мець свой парлямэнт або краёвае прадстаўніцтва. Край з насельніцтвам менш як 600 тысячаў будзе мець у сваім парлямэнце 45 прадстаўнікоў, больш як 600 тысячаў – 55, а самыя густанаселеныя рэгіёны – 65 прадстаўнікоў.

На працягу сарака дзён пасьля выбараў сябры прадстаўніцтваў павінны абраць са свайго складу першую асобу краю або гетмана, а таксама кіруючы орган – раду. У першым годзе свайго існаваньня краёвыя прадстаўніцтвы будуць займацца пытаньнямі адукацыі, аховы здароўя, навакольнага асяродзьдзя, аховы помнікаў. Пазьней да іх паступова павінны перайсьці ад міністэрстваў і іншыя функцыі кіраваньня. З цягам часу кожны край будзе мець і ўласны бюджэт, а пры жаданьні ўвядзе сваю эмблему і сьцяг.

Учора разам з выбарамі у краёвыя прадстаўніцтвы ў Чэхіі праходзілі выбары траціны Сэнату. Паводле чэскага заканадаўства, Сэнат або верхняя палата парлямэнту, зьяўляецца гарантам стабільнасьці і бесперапыннай працы заканадаўчай улады і, у адрозьненьне ад ніжняй палаты парлямэнту, ня можа быць распушчаны. У Сэнаце засядае 81 сэнатар, якія выбіраюцца на шасьцігадовы тэрмін, прычым кожныя два гады праз выбары запаўняецца траціна Сэнату. Выбары праходзяць у 81 акрузе паводле мажарытарнай сыстэмы. Сэнатарам можа быць грамадзянін рэспублікі, старэйшы за 40 гадоў.
 
Нягледзячы на адметнасьць нядзельных выбараў, чэскія выбаршчыкі праявілі да іх надзвычай малое зацікаўленьне. Паводле зьвестак агенцтва ЧТК, у большасьці акругаў яўка склала менш за 40 працэнтаў. Папярэднія вынікі выбараў у краёвыя прадстаўніцтвы і Сэнат паказваюць, што першыя прыступкі займаюць прадстаўнікі Грамадзянскай дэмакратычнай партыі Вацлава Клауса, а таксама цэнтрысцкай партыйнай Чатырохкааліцыі. Прадстаўнікі кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Мілаша Земана маюць прыблізна такі ж посьпех, што і камуністы.

Кіраўніцтва Сацыял-дэмакратычнай партыі сьхільнае ацэньваць вынікі выбараў для сябе як непасьпяховыя. Так, Уладзімер Шпідла заявіў, што партыі трэба выразна памяняць свой палітычны стыль. Змена палітыкі, на думку намесьніка старшыні партыі, павінна весьці да большай адкрытасьці, большай увагі да праблемаў грамадзтва, а таксама больш дакладнай інфармаванасьці людзей аб матывах прыняцьця таго ці іншага палітычнага рашэньня.

Адметна таксама, што у першым туры ў Сэнат быў абраны усяго адзін прадстаўнік – былы міністар замежных справаў Ёзэф Зелянец. Значную папулярнасьць ён здабыў тым, што ў свой час падаў у адстаўку з ураду Вацлава Клаўса на знак пратэсту супраць карупцыі ў структурах улады.
Лёс астатніх кандыдатаў у Сэнат вырашыцца падчас другога туру выбараў 19 лістапада.

Алена Ціхановіч, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org