RFE/RL |
Панядзелак, 13 Лістапада 2000 |
Сёньня |
У Менску прайшло паседжаньне Каардынацыйнае рады прыватных прадпрымальнікаў. Прадстаўнікі рэчавых рынкаў краіны падтрымалі ініцыятыву Страйкавага камітэту правесьці 23 лістапада агульнанацыянальную акцыю пратэсту. Лідэры прафсаюзаў і грамадзкіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у Каардынацыйную раду, выказалі абурэньне апошнімі падзеямі на рэчавых рынках Беларусі. Паводле сьведчаньняў удзельнікаў паседжаньня, ігнараваньне гандлярамі новых мытных правілаў выклікала гістэрыю з боку ўладаў. Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Салігорску Аляксандар Цэцура: (Цэцура: ) “Усе прадпрымальнікі абураныя. Яны ня змогуць выканаць гэтае рашэньне Мытнага камітэту. Між тым, ідуць праверкі на нашым рынку. Пазаўчора, напрыклад, былі апісаныя у аднаго з прадпрымальнікаў відэакасэты. У любы момант гэты тавар можа быць канфіскаваны. 1 лістапада мы правялі аднадзённы папераджальны страйк. Патрабаваньні накіравалі ва ўсе структуры. І, калі ўлады не задаволяць іх, мы, зусім магчыма, наладзім безтэрміновы страйк, пакуль ня будзе адмененае гэтае рашэньне адносна мытні”, — зазначыў Аляксандар Цэцура. А вось якое становішча з дробным бізнэсам склался сёньня на Случчыне. Гаворыць прафсаюзная лідэрка слуцкіх гандляроў Соф’я Міцяшова: (Міцяшова: ) “У Слуцку сытуацыя такая ж дрэнная для прадпрымальнікаў, таму што ў нас горад мае раённы маштаб, дзьве ўлады – раённая і гарадзкая. Гэта таксама накладае цяжар на прадпрымальнікаў. Даводзіцца плаціць у гарадзкую скарбонку, бюджэт папаўняем Слуцкага раёну за тое, што мы плоцім за месца”. (Карэспандэнт: ) “Ці існуе згода паміж прадпрымальнікамі Случчыны наконт акцыяў пратэсту?” (Міцяшова: ) “Ёсьць згода. У нас на базары часта таксама складаюцца тыя акты, пратаколы, і практычна ніколі людзі ня могуць іх выйграць. Чаму? Таму што ў нас юрыдычнай забясьпечанасьці для прадпрымальнікаў няма ніякай. Ты ўжо ня можаш давесьці сваю рацыю. Праз гэтыя мытныя паборы – я па-іншаму не магу іх назваць”. — зазначыла Соф’я Міцяшова. У сувязі з гэтымі мытнымі паборамі, 23 лістапада, паводле словаў лідэра мясцовага Свабоднага прафсаюзу, у Слуцку плянуецца аднадзённы страйк. Страйк мяркуецца правесьці і ў пераважнай большасьці іншых гарадоў краіны. Такі намер выклікаў нэрвовую рэакцыю ўраду. А з другога боку, усё больш чыноўнікаў схіляецца да думкі, што рашэньне пра мытнае афармленьне тавараў з трэціх краінаў памылковае. Гаворыць сябра страйкавага камітэту Ўладзімер Кожух: (Кожух: ) “З боку Савету міністраў, у прыватнасьці прэм’ера Ярмошына, паступіла ўказаньне падрыхтаваць дакумэнты, каб на ўзроўні ўрадаў Беларусі й Расеі прыйсьці да паразуменьня ды зьняць гэтую праблему. Нам сёньня ўрадавыя чыноўнікі паведамілі, што магчыма, ужо на заўтрашняй сустрэчы Ярмошын і Касьянаў паспрабуюць дамовіцца, каб у дзьвюх краінах адначасова скасаваць працэдуры мытнага афармленьня тавараў трэціх краінаў. З другога боку, мы не выключаем, што такія перамовы плянуюцца наўмысна: беларускія ўлады гэткім чынам маюць намер або адтэрмінаваць правядзеньне нейкіх страйкаў, або сарваць іх”, — лічыць сябра страйкаму Ўладзімер Кожух. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |