RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 13 Лістапада 2000

Сёньня:



У Беларусі распачаўся Тыдзень міжнароднай адукацыі, які праводзіцца на ініцыятыву Дзяржаўнага сакратара ЗША Мадлэн Олбрайт і міністра адукацыі ЗША Рычарда Райлі. У адкрыцьці Тыдня ўзяў удзел новы амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Ён падкрэсьліў, што “ў часе маючых адбыцца ў наступным годзе прэзыдэнцкіх выбараў важную ролю адыграюць адукаваныя і добра інфармаваныя людзі”.

З 13 па 17 лістапада Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры амэрыканскай амбасады ў Беларусі ладзіць Тыдзень міжнароднай адукацыі. Гэтая акцыя адбываецца ўпершыню і праходзіць адначасова ў многіх краінах сьвету.

З 1993 году амаль 2000 беларусаў сталі ўдзельнікамі адукацыйных праграмаў ЗША. Толькі сёлета 238 чалавек зь Беларусі ўзялі ўдзел у адукацыйных абменах.

Выступаючы ў часе афіцыйнае цырымоніі адкрыцьця Тыдня, Амбасадар ЗША Майкл Козак падкрэсьліў важнасьць супольнае працы ў сфэры міжнароднай адукацыі і зьвязаў гэта з маючымі адбыцца ў Беларусі прэзыдэнцкімі выбарамі:

(Козак: ) “У наступным годзе мы станем сьведкамі пераломнага моманту — і ў адносінах паміж дзьвюма краінамі, і ў дачыненьнях паміж беларускім урадам і народам. Набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, і тут важную ролю адыграюць адукаваныя і добра інфармаваныя людзі. У наступным годзе мы будзем рабіць пэўныя крокі, каб Беларусь зрабіла крок наперад, каб краіна зрабіла прарыў да дэмакратычнага грамадзтва. Мы спрабуем давесьці гэта да ўладаў Беларусі.

Калі будуць выкананыя чатыры ўмовы АБСЭ і асноўныя дэмакратычныя прынцыпы, і пад час маючых адбыцца выбараў і пасьля іх, у такім выпадку мы прызнаем любыя вынікі такіх выбараў. Справа не ў пэрсаналіях. Калі апазыцыя ў стане вылучыць адзінага кандыдата й перамагчы — цудоўна. Калі ўрад здолее сумленна й дэмакратычна перамагчы на выбарах, захаваўшы пры гэтым адкрытае грамадзтва — мы ўспрымем гэтую перамогу. Мы не шукаем магчымасьцяў зьмяніць асобу, мы жадаем зьмяніць сыстэму”, — зазначыў Майкл Козак.

У межах Тыдня міжнароднай адукацыі заплянаваны шэраг імпрэзаў — прэзэнтацыя віртуальнага інфармацыйнага цэнтру, відэаканфэрэнцыя з удзелам Філіпа Альтбаха, дырэктара Цэнтру міжнароднай вышэйшай адукацыі, прафэсара факультэту адукацыі Бостанскага коледжа, канфэрэнцыя беларускіх удзельнікаў акадэмічных праграмаў і іх амэрыканскіх калегаў у рэжымі оn-line, круглы стол “Праграмы акадэмічных абменаў, якія фінансуюцца ўрадам ЗША, і іхная роля ў рэфармаваньні сыстэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”, Фулбрайцкія чытаньні ў Магілеве, прэзэнтацыі ўдзельнікаў праграмаў акадэмічных абменаў у рэгіёнах ды іншае.

Ганна Соусь, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org