RFE/RL |
Панядзелак, 13 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Лідэры моладзевае кааліцыі “Пераменаў!” лічаць, што ўчорашняя акцыя, якая прайшла ў 24 гарадох Беларусі, паказала, што ўлады баяцца нарастаньня хвалі супраціву напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Лідэры моладзевых арганізацыяў, што аб’ядналіся ў кааліцыю “Пераменаў!”, правялі сёньня прэсавую канфэрэнцыю. Яны выказалі ацэнку таго, што адбылося ўчора ў раёне Акадэміі навук. Гаворыць кіраўнік Маладога Фронту Павал Севярынец: (Севярынец: ) “Міліцыя паказала, што здольная паўтараць свае ж памылкі, і, фактычна, прадублявала 25 сакавіка. Тое, што адбывалася ўчора на станцыі мэтро Акадэмія Навук, было фактычна паўтарэньнем тых падзеяў, якія мы з вамі бачылі ўвесну, з тым выняткам, што зараз міліцыянты не хапалі журналістаў. Ацэнка гэтай акцыі відавочная – рэжым баіцца моладзі. Тое, што на гэтую акцыю былі сьцягнутыя неверагодныя сілы, што былі ўжытыя спэцыяльныя тактычныя сродкі і кардоны, сьведчыць пра тое, што ўлады рэальна баяцца моладзевага супраціву і нашага патрабаваньня пераменаў”. Заявіў спадар Сявярынец. Лідэр маладафронтацаў перакананы, што жорсткія рэпрэсіі ўладаў ня спыняць імкненьня моладзі да пераменаў. Паводле Паўла Севярынца, веснавыя акцыі моладзевае кааліцыі будуць яшчэ больш масавымі й рашучымі. Лідэры кааліцыі гавораць, што ані ў якім выпадку не маглі ўчора павесьці моладзь на пляц Бангалёр, бо выглядалі б у вачох падлеткаў згоднікамі. На думку намесьніка старшыні Маладога Фронту Аляксея Чарняева, многія маладыя людзі ўжо ня хочуць удзельнічаць у акцыях дарослай апазыцыі менавіта з-за саступак яе лідэраў уладам у пытаньні месца правядзеньня акцыяў. Лідэры Маладое Грамады Тацяна Алесіна і моладзевага “Хрысьціянска-Сацыяльнага саюзу” Кірыл Ігнацік адзначылі, што сябры кааліцыі ня будуць абмяжоўваць сябе толькі несанкцыянаванымі вулічнымі акцыямі. Наступная акцыя моладзі пройдзе толькі 14 лютага на дзень сьв. Валянціна. А да гэтага часу прадстаўнікі кааліцыі правядуць шэраг вучэбных сэмінараў у справе падрыхтоўкі дабрахвотных валантэраў і назіральнікаў, каб у 2001 годзе выканаць сваю галоўную задачу — дапамагчы перамозе на прэзыдэнцкіх выбарах кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Паводле лідэра аганізацыі “Моладзевая Салідарнасьць” Цімоха Дранчука, а таксама Паўла Севярынца, у выніку ўчорашняе сілавой апэрацыі міліцыі на праспэкце Францішка Скарыны было затрымана каля 300 удзельнікаў акцыі (гарадзкая ўправа міліцыі называе лічбу 112 затрыманых, Праваабарончы цэнтар “Вясна” — 109 чалавек). Усяго ж у акцыі, на іхную думку, бралі ўдзел ад 2 да 3 тысячаў чалавек. Спадар Дранчук патлумачыў істотную розьніцу ў лічбах тым, што назіральнікі ня ўлічылі чатыры міліцэйскія спэцмашыны, цалкам запоўненыя падлеткамі, якіх у пастарункі не дастаўлялі. Лідэр Маладога Фронту гаворыць, што многія непаўнагадовыя дэманстранты былі моцна зьбітыя, і лідэры кааліцыі цяпер будуць дамагацца ўзбуджэньня крымінальных справаў супраць міліцыянтаў. Павал Севярынец таксама паведаміў, што яго, а таксама двух іншых арганізатараў акцыі спадароў Дранчука й Чарняева ўчора не затрымалі проста цудам, хаця міліцыянты й папярэджвалі іх пра крымінальную адказнасьць. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |