RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 12 Лістапада 2000

Сёньня



У Менскай вобласьці дэмакратычна настроеная моладзь буйных гарадоў сёньня таксама далучылася да агульнарэспубліканскай акцыі “Пераменаў”. З Барысава паведамляе наш карэспандэнт.

Прыкладна ў 11.10 менскага часу на цэнтральны пляц Барысава выйшла ды пачала разгортваць пікет група актывістаў філіі “Маладой Грамады”. Як і сябры партыі БСДП (НГ), яны з 20 ліпеня мінулага году, з прычыны таго, што Лукашэнка стаўся нелегітымным кіраўніком дзяржавы, перасталі пытацца дазволу ва ўладаў, каб праводзіць тую ці іншую палітычную акцыю.

І сёньняшні пікет у іх быў несанкцыянаваны. Плякаты зь лёзунгамі “Моладзь патрабуе пераменаў!”, “Мы, Беларусы, бяз братняе Русі!” трымалі сямнаццацігадовая Алена Ясюк, яе 14-гадовая сястра Марына і таксама 14-гадовы Міхась Кузьняцоў.

Літаральна празь 2-3 хвіліны да пікетоўцаў падруліў варанок, адкуль выйшаў нарад міліцыянтаў на чале з капітанам Белым. Яны пазабіралі ў падлеткаў плякаты і запрапанавалі тым сесьці ў машыну. У аднаго з ахоўнікаў парадку на плячы боўтаўся аўтамат, другі меў пры сабе пісталет.

Супраць гэткай узброенасьці запярэчыў старшыня філіі БСДП (НГ) Алесь Абрамовіч, і з гэтае нагоды стаў дапякаць міліцыянтаў, тады апошнія закінулі ў варанок і яго, хаця спадар Абрамовіч знаходзіўся тут у якасьці наглядальніка ад сваёй партарганізацыі.

У пастарунку на ўсіх былі складзеныя пратаколы аб правапарушэньні паводле артыкулу 167 прым. Дзяжурны капітан пасьля гэткае працэдуры перадаў дзяцей у рукі бацькоў і паведаміў, што пратаколы будуць перададзеныя на гарадзкую камісію ў справах непаўнагадовых.

Тут жа разабраліся са статусам Алеся Абрамовіча і адпусьцілі яго на волю. Зараз ён знаходзіцца побач са мной:

(Абрамовіч: ) “Бадай упершыню за ўсю гісторыю барысаўскіх пратэстовых акцыяў, да пікетоўцаў падыйшлі міліцыянты з аўтаматамі. Мы лічым, што гэта было мэтанакіраванае запалохваньне падлеткаў. Зброяй гэтых падлеткаў былі толькі плякаты, гэта была выключна мірная акцыя. Мусіць, у рэжыма зусім кепскія справы, калі дзяцей канваююць аўтаматчыкі”.

Жодзінская моладзь таксама ня стала прасіць дазволу ва ўладаў на правядзеньне акцыі “Пераменаў”, якую, дарэчы, яна адзначыла гэтай ноччу.

Юнакі і дзяўчаты ў цэнтры гораду ўсталявалі на самых вышынных будынках некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў. А на шыльдачкі з назвамі галоўных вуліцаў “40-год кастрычніка”, “50-год БССР” ды іншых прымацавалі назвы імя Янкі Купалы, імя Якуба Коласа ды імя Францішка Скарыны.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org