RFE/RL |
Нядзеля, 12 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Кааліцыя моладзевых арганізацыяў, нягледзячы на забарону ўладаў, правяла сёньня ў Менску і шэрагу іншых гарадоў заплянаваную акцыю пад назовам “Пераменаў”. Сілавыя структуры Беларусі пайшлі на жорсткі разгон дэманстрацыі ў Менску. Улады, як вядома, забаранілі шэсьце ад Акадэміі Навук да Кастрычніцкай плошчы, прапанаваўшы мітынгаваць на пляцы Бангалёр. Моладзь адмовілася і вырашыла сабрацца ўсё ж ля Акадэміі Навук. Яшчэ за гадзіну да пачатку акцыі ў дварах Акадэмі і кіно “Кастрычнік” я налічыў дзясятак міліцэйскіх аўтобусаў і шмат легкавікоў, у якіх знаходзіліся апэратыўнікі ў цывільным. Уваходы ў станцыю мэтро “Акадэмія Навук” былі зачыненыя, цягнікі мэтро тут не спыняліся каля дзьвюх гадзінаў. Рух транспарту на вуліцы Акадэмічнай быў спынены міліцыяй. Было зроблена ўсё, каб на плошчы перад будынкам Акадэміі ўдзельнікі акцыі сабрацца не змаглі. Улады Менску старанна выконвалі абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі больш не дапусьціць апазыцыйных акцыяў у Менску, якое ён выказаў яшчэ 15 кастрычніка пасьля перадвыбарчага маршу апазыцыі. Тым ня менш, каля паўтысячы юнакоў і дзяўчат “прасачыліся” да Акадэміі на недазволеную акцыю. Гаворыць адзін зь яе арганізатараў, лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец: (Севярынец: ) “Нам патрэбная вольная, эўрапейская, незалежная дэмакратычная краіна, у якой мы хочам жыць. Бог даў нам гэтую краіну, і мы нікому яе не аддамо – ні спэцназу, ні імпэрыі, ні Лукашэнку”. (Карэспандэнт: ) “Што Вы скажаце наконт таго, як вас сустрэлі?” (Севярынец: ) “Сустрэлі ня вельмі ласкава, усё перакрыта, але некалькі сотняў, па ўсёй плошчы, можа, некалькі тысяч, сабраліся і выказваюць сваю нязгоду з сёньняшняй уладай і жаданьне пераменаў”. Іншы ўдзельнік заявіў: (Удзельнік: ) “Мы сёньня сабраліся тут, каб актыўна выказаць сваю думку. Мы хочам жыць у вольнай краіне, а ня ў той, у якой жывем. Калі будзе такая магчымасьць, мы пойдзем у цэнтар і выкажам сваю думку”. (Карэспандэнт: ) “А калі вас затрымаюць?” (Удзельнік: ) “Нас гэта не палохае”. Прысутныя скандавалі два лёзунгі: “Пераменаў” і “Моладзь за Беларусь”. Некалькі сотняў маладых людзей хутка рушылі ад Акадэміі Навук у бок цэнтру і занялі адну з палосаў прэспэкта Скарыны. Міліцыя спрабавала пераканаць іх спыніцца: (Голас зь мегафону: ) “Настойліва просім не парушаць устаноўленыя правілы правядзеньня масавых мерапрыемстваў і грамадзкі парадак”. Урэшце моладзь, якая несла некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў, была спыненая кардонам спэцназу са шчытамі. Чeліся выбухі пэтардаў ды сырэны, спэцназаўцы білі дручкамі ў шчыты. Праспэкт Скарыны быў перакрыты і зьявілася каля двух дзясяткаў міліцэйскіх аўтобусаў. Распачаўся захоп удзельнікаў акцыі. Вось галасы некалькіх сьведкаў гэтага: (Дзяўчына: ) “Народ б’юць…Я не разумею …(плача) Неданоскі, фашысты! Я ненавіжу фашыстаў! Самы натуральны фашызм!” (Мужчына: ) “Я бачыў, як міліцыянты хапалі маладых хлопцаў і цягнулі ў аўтобус. Яны ішлі па ходніку каля Палітэхнічнага інстытута. Я выказваю свой пратэст супраць гэтага, бо хлопцы ішлі адпаведна з канстытуцыяй. Канстытуцыя дазваляе гуляць па вуліцах гораду. Была мірная дэманстрацыя”. Прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які назіраў за акцыяй, так ацаніў рэакцыю ўладаў на жаданьне моладзі публічна выказаць сваю думку: (Стэфановіч: ) “Кожны чалавек мае права на свабоду выказваньня сваіх думак. Закон аб шэсьцях, мітынгах і дэманстрацыях абмяжоўвае правы грамадзянаў на гэта. Улады сёньня ўжылі супэрзахады ў ахове парадку. Нейкая сотня моладзі, непаўнагадовых… І такія сілы сабралі”. Пазьней Валянцін Стэфановіч паведаміў, што сярод іншых затрымалі лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, а наогул затрыманых хапіла, каб запоўніць некалькі аўтобусаў. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |