RFE/RL |
Нядзеля, 12 Лістапада 2000 |
Сёньня |
У Магілеве і Бабруйску сёньняшнія акцыі моладзі прайшлі без мітынгаў і шэсьцяў. Мясцовая моладзь выбрала іншыя сродкі пратэсту. Лідэры мясцовых моладзевых арганізацыяў палічылі, што акцыя пад назовам “Наш горад” з канкрэтнымі вынікамі дасьць у сёньняшніх умовах больш карысьці, чым акацыя пратэсту. У Магілеве моладзевая акцыя “Пераменаў” пачалася ў сыботу раніцай. 12 сябраў Маладога Фронту некалькі гадзінаў адпрацавалі на знакамітым магілеўскім “даўгабудзе” – рэстаўрацыі абласнога драматычнага тэатру. Маладафронтаўцы вырашылі, што яны будуць працаваць на рэстаўрацыі кожную сыботу і заклікалі іншыя моладзевыя арганізацыі да іх далучыцца. Сёньня ж у межах акцыі “Пераменаў” дэмакратычная моалдзь правяла, так бы мовіць, паход “Наш горад”. Маладыя людзі наведвалі розныя крамы і з дазволу адміністрацыі мянялі розныя шыльды ды надпісы на беларускамоўныя. На жаль, паводле словаў кіраўніка абласной арганізацыі Маладога Фронту Андруся Кавалёва, удалося зьмяніць толькі адзінкі, бо ў большасьці крамаў, аптэкаў і бараў адсутнічала начальства, а прадаўцы ня бралі на сябе адказнасьць. Гэтая акцыя будзе мець працяг у іншы, працоўны, дзень. Сёньня ж дэмакратычная моладзь правяла гульню “Што, дзе, калі?” на беларускай мове, а ўвечары заплянаваная дыскатэка. Моладзь хоча танчыць пад музыку беларускіх рок-гуртоў. У Бабруйску акцыя “Пераменаў” праходзіла таксама два дні. Мэта была адна – упрыгожыць родны горад. У ноч з пятніцы на сыботу, пакуль мясцовыя міліцыянты сьвяткавалі дзень расейскай міліцыі, у 5-м і 6-м мікрараёнах зьявіліся намаляваныя фарбай лёзунгі “Мы патрабуем пераменаў” і “Жыве Беларусь”. У наступную ноч падобныя надпісы зьявіліся і ў цэнтры Бабруйску. Паколькі жыльлёва-камунальныя службы ў выходныя не працуюць, а ў панядзелак толькі пачнуць шукаць фарбу, то ўдзельнікі акцыі “Пераменаў” разьлічваюць, што “ўпрыгожваньні” ў Бабруйску пратрымаюцца дзён пяць. Дарэчы, праблемы з фарбай будуць і ў жальлёва-камунальнай службы Магілеву. Справа ў тым, што невядомыя асобы заплямілі фарбай мэмарыяльныя дошкі ў цэнтры гораду, што датычацца памятных датаў і дзеячоў савецкай улады. Марыя Ўсьціновіч, Магілеўская вобласьць
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |