RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 12 Лістапада 2000

Сёньня



У Гародні арыштаваныя 15 удзельнікаў сёньняшняга пікету ў межах акцыі “Пераменаў”.

12 лістапада ў 15.00 гарадзенская дэмакратычная моладзь праводзіла акцыю “Пераменаў”. Каля сарака сяброў Маладога Фронту і Маладой Грамады ў цэнтры гораду ля Дома сувязі ладзілі пікет.

На пікеце раздавалі ўлеткі “Пераменаў”, газэты Дзіда, Навіны БНФ “Адраджэньне”, трымалі плякаты: “Зьмяні сваё жыцьцё – пачні сёньня”, “У XXI стагодзьдзе – без дыктатуры”, “Пераменаў”, “За вольную Беларусь”, “Беларусь – гэта сьвятое”, бел-чырвона-белыя сьцягі БНФ і Грамады.

Паводле заканадаўства на пікет была пададзеная заяўка ў гарвыканкам. Аднак гарадзенскія ўлады перанесьлі месца правядзеньня пікету да кінатэатру “Кастрычнік”, дзе звычайна малалюдна, і зьмянілі час правядзеньня мерапрыемства на 17.00, калі ўжо зусім цёмна. Улады нічым не матывавалі зьмену месца і часу правядзеньня пікету. Моладзь расцаніла дзеяньні ўладаў як правакацыйныя і, добра памятаючы, нядаўні “хапун” у прыцемках на Дзяды, вырашыла праводзіць акцыю, як было раней заплянавана.

Пікет быў спынены міліцыянтамі, якія дзяжурылі на месцы правядзеньня акцыі і адразу вялі відэаздымку ўдзельнікаў пікету. Праз 15 хвілін ад пачатку акцыі пратэсту міліцыянты арыштавалі і павезьлі ў Ленінскі РАУС арганізатараў пікету – старшыню “Маладага Фронту” Андрэя Мялешку і намесьніцу старшыні “Маладой Грамады” Сьвятлану Нех.

Да месца правядзеньня акцыі пад’ехаў аўтобус і некалькі машынаў зь міліцыянтамі ды АМАПаўцамі. Усе, хто трымаў плякаты і сьцягі, былі схопленыя, заведзеныя ў аўтобус і адвезеныя ў Ленінскі РАУС. Усяго затрымана 15 удзельнікаў пікету.

Сьпіс затрыманых 12 лістапада на пікеце “Пераменаў”:

1. Бабкін Віктар – непаўналетні, адпушчаны праз тры гадзіны.
2. Камягіна Вольга – непаўналетняя, адпушчана праз тры гадзіны.
3. Ягораў Зьміцер – карэспандэнт газэты “Біржа Інфармацыі”, адпушчаны праз тры гадзіны
4. Клімук Сяргей – удзел у несанкцыянаваным пікеце, суд у 10:00 13.11.00г.
5. Міхальчык Дзяніс – удзел у несанкцыянаваным пікеце, суд у 10:00 13.11.00 г.
6. Капцэвіч Натальля – удзел у несанкцыянаваным пікеце, суд у 10:00 13.11.00 г.
7. Філіповіч Вольга – удзел у несанкцыянаваным пікеце, суд у 10:00 13.11.00г.
8. Іванова Вольга – удзел у несанкцыянаваным пікеце, суд у 15:00 13.11.00 г.
9. Машкала Алена – удзел у несанкцыянаваным пікеце, суд у 15:00 13.11.00г.
10. Мялешка Іна – удзел у несанкцыянаваным пікеце, суд у 15:00 13.11.00г.
11. Саранчукоў Вадзім – удзел у несанкцыянаваным шэсьці 8 кастрычніка, суд у 11:00 13.11.00 г.
12. Мельнікаў Андрэй – арыштаваны да суда, трымаў сьцяг БСДП(НГ).
13. Лашкоўскі Алесь – арыштаваны да суда, трымаў сьцяг БНФ.
14. Мялешка Андрэй – арыштаваны да суда, адказны арганізатар.
15. Нех Сьвятлана – арыштавана да суда, адказны арганізатар.

Усе затрыманыя зьвярнуліся ў Гарадзенскае абласное аддзяленьне праваабарончага цэнтру “Вясна” па прававую дапамогу.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org