Сёньняшнія заявы беларускага пасла ў Вільні Гаркуна камэнтуе старшыня
Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі.
(Шарэцкі: ) “Справа ў тым, што ёсьць афіцыйная заява міністэрства замежных
справаў Літоўскай Рэспублікі, дзе была дакладна выказаная думка, што Літва
будзе прытрымлівацца такога пункту гледжаньня, як і Эўропа ў адносінах
да тых выбараў, якія адбыліся 15 кастрычніка.
Гэта ня выбары, а проста фарс, і іх легітымнымі ні Эўропа, ні Літва
пакуль што не прызнаюць.
Я ня ведаю ніводнага літоўскага палітыка, які б лічыў, што трэба падтрымліваць
дыктатуру на тэрыторыі Беларусі. Яны ведаюць, што калі, крый Божа, Беларусь
стане часткай Расеі, чым гэта можа скончыцца для Літвы.
У расейскіх газэтах дакладна друкавалася тое, што далучэньне Беларусі
да Расеі дасьць магчымасьць разблякаваць Калінінградзкі абарончы раён.
Як гэта можна зрабіць?
Можна зрабіць толькі або акупаваўшы тую самую Літву, або – прынамсі
па першым часе, зрабіўшы нейкі калідор празь яе.
Таму я не хацеў бы камэнтаваць гэта. Тым больш, што няма ніякага рашэньня.
Я ведаю адносіны многіх дэпутатаў да тых выбараў, якія адбыліся ў Беларусі,
і яны іх лічаць ня выбарамі, але фарсам, або нейкай іншай авантурай з боку
дыктатарскага рэжыму”.
|