RFE/RL |
Пятніца, 10 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Амэрыканская журналістыка ганарыцца сваімі традыцыямі дакладнасьці, справядлівасьці і збалянсаванасьці. Аднак празьмернае жаданьне быць заўсёды першым – іншым разам можа сур’ёзна пашкодзіць дакладнасьці. Гэта яскрава выявілася на прыкладзе тэлевізійных рэпартажаў у часе цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Заходнія камэнтатары аналізуюць ролю СМІ ў амэрыканскай выбарчай кампаніі. Некаторыя палітычныя аналітыкі выказваюць спачуваньне амэрыканскім тэлестанцыям, якія двойчы паведамілі недакладныя зьвесткі аб пераможцы ў штаце Флёрыда. У аўторак увечары пяць галоўных тэлеканалаў перадалі, што галасаваньне ў Флёрыдзе на падставе кампутарных прагнозаў выйграў дэмакратычны кандыдат Эл Гор. Праз гадзіну яны скасавалі інфармацыю, а пасьля паўначы фактычна прысудзілі перамогу Джорджу Бушу. Аднак, урэшце, давялося аспрэчыць і гэтае паведамленьне. На думку аналітыкаў, імкненьне быць першымі прывяло да таго, што паважаныя тэлестанцыі страцілі пільнасьць. Пяць асноўных тэлесетак разам з агэнцыяй Associated Press рабілі прагнозы адносна вынікаў выбараў на падставе базы дадзеных адмысловай Службы навінаў для выбаршчыка. Гэтая служба робіць так званыя "exit polls" – апытаньні людзей, якія прагаласавалі. Дадзеныя апытаньняў у спалучэньні з вынікамі выбараў аналізуюцца адмысловай групай. Звычайна такі аналіз дае дакладную карціну, аднак у аўторак сыстэма дала збой. Лічыцца, што кампутарная база дадзеных – адзіная крыніца інфармацыі для ўсёй прэсы ў гэтым выпадку – дала няслушны вынік. Аднак, аналітык кампаніі Эй-Бі-Сі заявіў у інтэрвію газэце The New York Times, што праблема была перадусім справакаваная нездаровай канкурэнцыяй тэлеканалаў. Паводле ягоных словаў, ён і ягоная каманда на Эй-Бі-Сі былі супраць таго, каб у сьпешцы абвяшчаць Буша пераможцам, аднак іншыя тэлеканалы ўжо зрабілі такую заяву, і гэта, паводле аналітыка, зрабіла велізарны ціск на Эй-Бі-Сі, якая было вымушанае паступіць так жа. Падобныя прыклады прыводзяць і некаторыя іншыя аналітыкі, якія запэўніваюць, што падалі сумнеўную інфармацыю толькі зь меркаваньняў канкурэнцыі. На думку аналітыка Ўнівэрсытэту Вірджыніі Лары Сабата, амэрыканская публіка больш давярае інфармацыі, калі яна сыходзіць з некалькіх крыніцаў. Ён пацьвярджае, што некаторыя тэлеканалы згубілі пільнасьць, як толькі іншыя абвесьцілі аб перамозе ў штаце. (Сабата: ) “Яны хочуць быць першымі, чаго б гэта ім не каштавала. Нікога ў краіне не цікавіць, які з тэлеканалаў быў першым, альбо калі прагучала інфармацыя – а 8-ай, 9-ай альбо 10-ай гадзіне. Краіна хоча, каб яна была слушнай, а яны ня справіліся з гэтым. Пацярпелі няўдачу і тэлеканалы, і Служба навінаў для выбаршчыка.” Аналітыкі нагадваюць, што аб важнасьці галасаваньня ў штаце Флёрыда было вядома загадзя, і таму факту, што тэлеканалы не праверылі дадзеных з гэтага штату, няма ніякага дараваньня. Дарэчы, телевізійныя сеткі не ўпершыню крытыкуюцца за асьвятленьне выбараў. Так, у 1980 тэлебачаньне пасьпяшалася абвесьціць аб перамозе Рэйгана над Картарам. Паведамленьне прагучала, калі на Ўсходнім узьбярэжжы быў надвячорак – задоўга да таго, як жыхары Заходняга ўзьбярэжжа нават пачалі галасаваць. І хаця прагнозы спраўдзіліся, многія амэрыканцы выказвалі незадаволенасьць такой падачай інфармацыі. Каманды тэлевізійных аналітыкаў былі выкліканыя ў Кангрэс для тлумачэньняў. Сумнеўна, што Кангрэс прыняў бы закон, які б забараняў падобныя заўчасныя абвешчаньні вынікаў выбараў – у ЗША прэса незалежная. Але тэлеканалы далі слова спыніць гэтую практыку. Цяпер яны ня возьмуцца абвяшчаць пераможцу да таго часу, пакуль не зачыняцца ўсе выбарчыя ўчасткі ў краіне. Алена Радкевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |