RFE/RL |
Пятніца, 10 Лістапада 2000 |
Сёньня |
У Наваполацку не сьціхаюць жарсьці вакол выбараў у так званую “палату прадстаўнікоў”. Днямі на гэты конт выказалася й пракруатура. Паказальным выглядае падвядзеньне вынікаў выбараў на 9-м участку Наваполацкай выбарчай акругі нумар 25, дзе ў адначас з выбарамі “палатніка” абіралі дэпутата мяйсцовага савету. Тут удзел у выбарах узялі меней 50-і адсоткаў выбаршчыкаў, і старшыня камісыі, прафэсар тутэйшага ўнівэрсытэту спадар Паньцялеенка не знайшоў нічога лепшага як выкрэсьліць ужо пасьля падліку бюлетэняў са сьпісу каля 100 грамадзянаў – студэнтаў, што жывуць у інтэрнаце, матывуючы гэта тым, што грамадзяне гэтыя, нібыта, адсутнічаюць у горадзе. Пры гэтым, дакумэнтальнага пацьверджаньня правамернасьці такіх захадаў старшыня камісіі ня меў, і ягоны намесьнік, сп. Буракоў на знак пратэсту пакінуў участак. На наступны дзень назіральнікі, якія прысутнічалі на выбарах, сумесна з актывістамі праваабарончага цэнтру “Вясна” наведалі студэнцкі інтэрнат і пераканаліся, што многія з тых, хто быў выдалены са сьпісу, ня толькі ня з’язджалі з горпаду, а нават узялі ўдзел у выбарах, ня выходзячы зь інтэрнату. Назіральнікі зьвярнуліся ў пракуратуру й атрымалі адказ. У ім паведамлялася, што пракурор паставіў пытаньне аб прызнаньні выбараў у гарадзкі савет на згаданым участку несапраўднымі і аб правядзеньні ў выбарчай акрузе паўторнага падліку галасоў. Насьпяваў скандал, і ў Наваполацак наведаліся прадстаўнікі ЦВК. Яны сустрэліся зь сябрамі выбарчай камісіі, перагарнулі дзеля выгляду некалькі папераў і вынесьлі ўласны вэрдыкт, які ў сьціслай форме гучыць так: у ходзе праверкі парушэньняў заканадаўства на выбарчым участку нумар 9 ня выўялена. Цяпер наваполацкія праваабаронцы рыхтуюць адпаведны зварот у гэнеральную пракуратуру, спадзеючыся, што галоўныя дзяржаўныя пракуроры скажуць сваё важкае слова, і выбары выбараў будуць урэшце рэшт прызнаныя несапраўднымі. Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |