RFE/RL |
Пятніца, 10 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
(эфір 11 лістапада) Навіны культуры прайшоўшага тыдня. У Беластоцкім унівэрсытэце прайшла навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная 145-м угодкам зь дня сьмерці Адама Міцкевіча. Наладзіла канфэрэнцыю катэдра беларускае культуры, якую ачольвае былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбэта Смулкова. Упершыню ў Беластоку прэзэнтаваўся першы поўны пераклад паэмы Міцкевіча “Дзяды” ў беларускую мову. Аўтар перакладу Сяржук Мінскевіч цяпер працуе над лібрэтам рок-опэры паводле “Дзядоў” (музыку для яе піша аранжыроўшчык рок-гурту “Жах” Валянцін Саўранчук). У бібліятэцы імя Ільва Талстоя, што на вуліцы Маскоўскай, праходзіць выстава гістарычнага жывапісу Віктара Сташчанюка. Аснову экспазыцыі складаюць рэканструкцыі незахаваных помнікаў архітэктуры Беларусі, а таксама партрэты легендарных постацяў — волату Мянеску, рыбачкі Браславы, старажытных летапісцаў. Тамсама экспануюцца тузін гістарычных кніг і 18 паштовых марак, якія аформіў Сташчанюк. Заўтра ў памяшканьні тэатру “Вольная сцэна” а 16-й гадзіне пачнецца заключная імпрэза тыднёвага фэстывалю габрэйскае культуры “Шэсьць стагодзьдзяў прысутнасьці на зямлі Беларусі”. Заўтрашняя імпрэза прысьвячаецца беларуска-габрэйскаму дыялёгу ў літаратурнай творчасьці. Будуць гучаць вершы Марка Шагала, Ізі Харыка, Хаіма Мальцінскага ды іншых габрэйскіх паэтаў у перакладах Рыгора Барадуліна й Валянціна Тараса, а таксама творы беларускіх аўтараў, якія пераклаў у мову ідыш Рыгор Рэлес. 87-гадовы Рэлес — адзіны і, магчыма, апошні ў Беларусі літаратар, які яшчэ піша на габрэйскай мове. Польскі інстытут распачаў сэрыю паказаў лепшых тэлеспэктакляў з калекцыі “Залатая сотня” Тэатру польскае тэлевізіі. Паказы будуць адбывацца раз на квартал у студэнцкім тэатры Беларускай Акалэміі мастацтваў. Прэм’ера сэрыі была прымеркаваная да 170-х угодкаў Варшаўскага паўстаньня супраць расейскай акупацыі, якое неўзабаве ахапіла й беларускія землі.Тэлеспэктакаль “Лістападаўская ноч” паводле п’есы Станіслава Высьпяньскага паставіў знакаміты кінарэжысэр Анджэй Вайда. Рэжысэр Анатоль Алай, які праславіўся за часам “перабудовы” рэкордна папулярнай стужкаю пра мастака Аляксандра Ісачова, пачаў здымаць карціну пра беларускае войска. Улады некалькі гадоў не давалі працы Алаю ў адплату за скандальны фільм пра лётчыка-камікадзэ Міколу Гастэлу. Паводле тае стужкі, подзьвіг Гастэлы зьдзейсьніў зусім іншы лётчык, а сам Гастэла трапіў у палон і застаўся на Захадзе, памёр у Ангельшчыне. Міністэрства культуры шукае рэжысэра, які пагадзіўся б зьняць да прэзыдэнцкіх выбараў дакумэнтальна-агітацыйны фільм пра Лукашэнку. Пошук доўжыцца ўжо некалькі месяцаў, ахвотных пакуль няма. У Палацы мастацтваў адчынілася маштабная выстава мастакоў Віцебску й Віцебскае вобласьці. Бадай, найбольш уражвае экспазыцыя Віктара Нікалаева “Вялікі Кансэрватар”: запаяныя ў бляху працы клясыкаў марксызму-ленінізму, кансэрвы з калючага дроту, пралетарская зброя — дэкаратыўна аздобленыя камяні бруку. Над галовамі гледачоў мастак рызыкоўна падвесіў сякеру ў выглядзе чырвонага сьцягу з жалезным лязом. Юрась Барысевіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |