RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 10 Лістапада 2000

Сёньня



“Я магу жыць лепей” — пад такім назовам у менскай сядзібе Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны пачаў працаваць практычны сэмінар самапаляпшэньня ва ўсіх сфэрах жыцьця.

Адзін усходні містык аднойчы сказаў: “Калі я быў малады, я быў рэвалюцыянэрам і маліўся так: “Госпадзе, дай мне мужнасьць зьмяніць сьвет”. Калі я быў ужо бліжэй да пяцідзесяці і зразумеў, што палова майго жыцьця ўжо прайшла, а я так і не зьмяніў ніводнае душы, я пачаў маліцца гэтак: “Госпадзе, дай мне здольнасьць зьмяніць хоць бы самых блізкіх мне людзей — сям’ю і сяброў”. Цяпер, калі я ўжо стары і мае дні падлічаныя, я пачынаю бачыць сваю неразумнасьць. І мая малітва цяпер такая: “Госпадзе, дай мне сілы зьмяніць сябе”. Калі б я маліў аб гэтым ад самага пачатку, я б не змарнаваў сваё жыцьцё”.

Гэтая цытата з падручніка да сэмінару самапаляпшэньня, які пачаў працаваць у менскай сядзібе Таварыства Беларускае Мовы. ТБМ узяло на сябе нязвыклыя на першы погляд абавязкі. Аднак старшыня Таварыства Алег Трусаў лічыць інакш:

(Трусаў:)“Гэта толькі на першы погляд. Справа ў тым, што калі людзі будуць жыць лепей, то ў іх больш будзе жаданьня зьвяртаць увагу на родную культуру – на мову, на песьні.

Бо калі чалавек жыве вельмі кепска, калі яму няма чаго есьці, ці калі ён пад стрэсам, пад нейкімі нэгатыўнымі эмоцыямі, то вядома, яму ня хочацца пайсьці, напрыклад, у беларускамоўны тэатар, чытаць прозу, пісаць вершы й г.д.

Таму гэты сэмінар перш-наперш дае магчымасьць беларусам і іншым грамадзянам нашай краіны паглядзець на жыцьцё крыху зь іншага боку. Трэба дзякаваць лёсу за любое жыцьцё, пакуль яно ёсьць”.

Гэткім чынам, мэтаю сэмінару можна назваць фармаваньне аптымістычнага погляду на жыцьцё. Аднак, пераважная бальшыня беларусаў увасабляе тыя рысы нацыянальнага характару, якія цяжка назваць жыцьцярадаснымі. Больш таго, журба й жальба ўведзеныя ледзьве ня ў культ, і шчасьлівым быць лічыцца амаль што непрыстойна. Ці мажліва з дапамогаю сэмінараў-трэнінгаў перамяніць такія рысы характару хаця б у часткі ягоных удзельнікаў? Алег Трусаў перакананы, што так, бо ў гэтых рысаў карані не генэтычныя, а гістарычныя…

(Трусаў)“Гэта наогул рыса прыгнечаных народаў. Калі народ быў пад акупацыяй, доўгі час у стане прыгнёту, то такія тэндэнцыі ёсьць. Напрыклад, у баўгараў такое было. Яны 500 год былі пад мусульманскім турэцкім ігам. У ірляндцаў такое было.

Так што беларусам трэба быць народам, які павінен паверыць аптымістычна. Напрыклад, прыбалты. Чаму выйграли эстонцы? Яны сьпявалі. Сьвята эстонскай песьні вывела эстонцаў у людзі. Зараз эстонцы жывуць лепей за ўсіх. Чэхі выйшлі ў людзі, дзякуючы тэатру.

Мы, беларусы, павінны таксама быць аптымістамі. Гэты аптымізм акурат можа прывесьці да таго, што самасьвядомасьць беларусаў палепшыцца.

Нядаўна мне падарылі кніжку, вельмі прыгожую кніжку здымкаў і вершаў вядомага нашага палітычнага дзеяча. Аднак, слова магіла там ужываецца разоў 70.

Вось гэта безвыходнасьць такая – магілы продкаў, вернемся да магілаў. Трэба не да магілаў вяртацца, трэба да сонейка ісьці, да шчасьця, да жыцьця. А ў магілу мы пасьпеем.”

Сказаў Алег Трусаў.

Першыя спробныя заняткі сэмінару “Я магу жыць лепей” былі два тыдні таму. 11 й 12 лістапада — наступныя. Пачатак а 15-й гадзіне ў менскай сядзібе ТБМ па вуліцы Румянцава, 13. Сэмінар вядуць інструктары, якія на ўласным жыцьці сьцьвердзілі слушнасьць тэзаў, сэнс якіх яны расчыняюць слухачом.

А дапамагае ім у гэтым унікальны ў нашых рэаліях падручнік пад аднайменным назовам, напісаны вядомым дзеячам беларускай эміграцыі Вячкам Станкевічам. Падручнік, дарэчы, можна набыць, і навучыць па ім жыць лепей усіх сваіх родных і блізкіх. І тады сума асобных шчасьлівых людзей складзе шчасьлівую грамаду.

Валянціна Аксак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org