RFE/RL |
Чацьвер, 9 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Злучаныя Штаты прапанавалі для абмеркаваньня ідэю прысутнасьці міжнародных назіральнікаў у зоне ізраільска-палестынскага канфлікту. Аднак Ізраіль неадкладна гэтую ідэю адкінуў. Між тым, ужо сёньня ў Вашынгтоне заплянаваная сустрэча прэзыдэнта Клінтана з палестынскім лідэрам Арафатам. Як прагназуе амэрыканская New York Times, Ясір Арафат будзе пераконваць прэзыдэнта Клінтана ўсталяваць міжнародную прысутнасьць на Заходнім беразе Ярдану і ў сэктары Газа для абароны палестынцаў. Ізраільскі прэм’ер расцаніў ідэю міжнароднай прысутнасьці як “узнагароду палестынскаму наступу”. Газэта Washington Post піша, што Ізраіль для адпору такой ідэі мае некалькі прычынаў. Па-першае, тут улічваюць, што ў мінулым ААН прыняла некалькі анты-ізраільскіх рэзалюцыяў. Па-другое, тут лічаць, што падобная міжнародная місія ў паўдзённым Ліване неэфэктыўная, бо яна не перашкаджае атакам праз мяжу радыкальнай ісламісцкай групоўкі Гэсбалах. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заявіў, што міжнародныя сілы ААН ня могуць быць разьмешчаныя бяз згоды Ізраілю. Між тым, Рада Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў дала згоду выслухаць асабісты зварот Ясіра Арафата . Прадстаўнікі кіраўніцтва Палестыны лічаць, што шырэйшая міжнародная прысутнасьць у зоне канфлікту неабходная, каб ураўнаважыць, як яны лічаць, амэрыканскую прыхільнасьць да Ізраілю. Палестынцы выказваюцца за ўдзел ААН, Эўразьвязу і Расеі, што дапамагло б так званую “амэрыканскую манаполію” у міратворчых намаганьнях падзяліць. Напярэдадні ізраільскі прэм’ер Эгуд Барак накіраваў сусьветным лідэрам ліст, у якім абвінаваціў Арафата за працяг сутычак і выказаў перасьцярогу супраць аднабаковага абвяшчэньня палестынскай дзяржавы. У той жа час Барак заявіў пра гатоўнасьць прыняць палестынскую дзяржаўнасьць, калі яна народзіцца ня ў выніку гвалту, а двухбаковых перамоваў. У нядзелю, у сваю чаргу, Барак працягне ўзгадненьне пазыцыяў з Вашынгтонам. Алена Ціхановіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |