RFE/RL |
Чацьвер, 9 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Адразу пасьля выбараў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў” пачалося спаборніцтва паміж дэпутатамі за крэслы старшыняў камісіяў. Але неўзабаве высьветлілася, што большасьць партфэляў ужо разьмеркаваныя. У мінулую пятніцу на закрытай нарадзе кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Міхал Мясьніковіч агучыў імёны верагодных старшыняў парлямэнцкіх камісіяў. Закрытая нарада была прысьвечаная першай сэсіі “Палаты прадстаўнікоў” 2-га скліканьня. Абмяркоўвалася й пытаньне будучых парлямэнцкіх камісіяў. У “Палаце прадстаўнікоў” 1-га скліканьня іх было адзінаццаць, цяпер будзе пятнаццаць. Як стала вядома з крыніцаў, блізкіх да кіраўніцтва сакратарыяту “Палаты прадстаўнікоў”, ужо адразу пасьля першага туру выбараў пачалося моцнае спаборніцтва паміж дэпутатамі за крэслы старшыняў камісіяў. Барацьба яшчэ больш узмацнілася пасьля другога туру выбараў. Але паўнамоцтваў нядаўна абранай “Палаты прадстаўнікоў”, як аказалася, недастаткова, каб самім вызначацца са сваім кіраўніцтвам. На закрытай нарадзе кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Міхал Мясьніковіч назваў найбольш верагодныя і пажаданыя для Аляксандра Лукашэнкі імёны старшыняў камісіяў. Як нам стала вядома, камісію ў справах культуры, хутчэй за ўсё, узначаліць Натальля Машэрава, аграрную камісію — Вадзім Папоў, камісію ў справах моладзі — Усевалад Янчэўскі. Засталося пакуль нявызначаным пытаньне пра тое, хто будзе сьпікерам і віцэ-сьпікерам. Як сьцьвярджае нашая крыніца ў сакратарыяце “Палаты прадстаўнікоў”, большасьць парлямэнцкіх партфэляў было падзелена яшчэ да пачатку выбараў. Бальшыня дэпутатаў “Палаты прадстаўнікоў” неахвотна камэнтуюць факт негалоснага прызначэньня старшыняў камісіяў. Напрыклад, Вольга Абрамава зазначыла, што яна дакладна ня ведае пра гэтае. А Натальля Машэрава лічыць, што да папярэдняга разьмеркаваньня партфэляў маюць дачыненьне дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў” 1-га скліканьня, якія былі абраныя другі раз. (Машэрава: ) “Вось яны, па-мойму, на гэтай кухні і варацца. Гэта проста зараз кандыдатуры меркаваныя, будзе яшчэ тайнае галасаваньне, усё яшчэ віламі па вадзе пісанае”. Зазначыла Натальля Машэрава. Дэпутат Анатоль Красуцкі паведаміў нашаму радыё, што ня ведае пра закрытую нараду. (Красуцкі: ) “Я лічу, што гэтыя пытаньні павінны вырашацца ў тэратэрыяльных дэпутацкіх групоўках, якія створаныя. Я лічу, што ўсе кадравыя пытаньні павінны перш-неперш высьветліцца там, а потым выйсьці там, як гэта трэба, у адпавевднасьці з нашым рэглямэнтам правесьці тайнае галасаваньне бюлетэнямі, як гэта прадугледжана. А тое, што зараз недзе тусуюцца групоўкі дэпутатаў, дык гэта было раней, ёсьць зараз і будзе пасьля нас”. Зазначыў Анатоль Красуцкі. Ганна Соусь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |