RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 9 Лістапада 2000

Сёньня



Сваякі чатырох грамадзянаў Беларусі — спадароў Барычэўскага, Гапонава, Калаўра й Сікорскага — якія патрапілі ў бяду ў Расеі, напісалі сёньня чарговую скаргу ў Міністэрства замежных справаў краіны. Яны рашуча патрабуюць ўмяшаньня замежнапалітычнага ведамства ў гэтую справу.

За правы пацярпелых змагаюцца жанчыны. Яны абураныя тым, што да гэтага часу Міністэрства замежных спараваў Беларусі не зрабіла аніякіх захадаў у справе вяртаньня суайчыньнікаў на радзіму.

Што было адбылося за суткі, якія мінулі з моманту, калі МЗС распачало дзеяньні ў выратаваньні гэтых людзей зь бяды? Адказвае прэсавы сакратар міністэрства Павал Латушка:

(Латушка: ) “Нашае пасольства ў Маскве і консульскі аддзел гэтага пасольства зараз вельмі актыўна займаюцца вырашэньнем гэтай праблемы. Яны ўступілі ў кантакт з кіраўніцтвам гэтай ГРЭС, зь адміністрацыйнымі ўладамі таго рэгіёну, дзе яны знаходзяцца. Трэба трошку пачакаць. Будзем спадзявацца, што будуць пазытыўныя вынікі гэтых дзеяньняў консульскай службы. Таму мы вырашаем два варыянты вырашэньня гэтай сытуацыі: магчымасьць аднаўленьня кантракту для грамадзянаў Беларусі, другі варыянт – вяртаньне грамадзянаў Беларусі на радзіму”.

Мы патэлефанавалі ў Рэспубліку Саха (Якутыя), каб даведацца, што думаюць наконт гэтай сытуацыі тыя, хто абяцаў працу й добрыя заробкі нашым грамадзянам, і хто, паводле словаў сваякоў пацярпелых, падмануў і нават выкінуў на мароз зь інтэрнату спадароў Барычэўскага, Гапонава, Калаўра й Сікорскага. І ці робяцца нейкія захады з боку працадаўцаў, каб выканаць кантракт ці дапамагчы беларусам вярнуцца на радзіму?

Начальнік аддзелу кадраў Вілюйскае гідраэлектрастанцыі Ніна Зязіна абвергла ўсе абвінавачваньні:

(Зязіна: ) “Я як начальнік кадраў супраць таго, што яны кажуць. Што мы іх утрымліваем у рабстве. Што іх выгналі на мароз зь інтэрнату. Ды й увогуле нічога такога не было. Яны ўсе жывуць у добраўладкаваным інтэрнаце, у іх нават бялізну не адабралі. Мы зь імі размаўлялі, прасілі: ну адпрацуйце хаця б месяц, паглядзіце колькі вам заплоцяць і тады будзеце вырашаць, вялікі гэта заробак ці не. А яны ня выйшлі на працу, таму што ім хтосьці, хто раней тут працаваў, сказаў, што яны будуць мала атрымліваць. А яны сядзяць у інтэрнаце й п’юць”.

Ніна Зязіна запэўніла таксама, што беларускія грамадзяне выляцяць у Маскву бліжэйшым вахтавым авіярэйсам — 15 або 18 лістапада.

На пытаньне, ці спрычыніліся беларускія афіцыйныя ўстановы, у прыватнасьці Міністэрства замежных справаў і амбасада Беларусі ў Маскве, да вырашэньня праблемы чатырох грамадзянаў, прадстаўніца працадаўцы адказала адмоўна. У сваю чаргу, Павал Латушка падкрэсьлівае, што давярае перадусім інфармацыі, якая паступае па каналах МЗС Беларусі.

Ягор Маёрчык, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org