RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 9 Лістапада 2000

Сёньня



(эфір 8 лістапада)
30 чалавек, чацьвёра зь якіх грамадзяне Беларусі, фактычна апынуліся ў палоне кампаніі, якая будуе Вілюйскую гідраэлектрастанцыю. У пошуках добрага заробку, які ім абяцалі расейскія фірмы працаўладкаваньня, людзі скіраваліся на поўнач, у Рэспубліку Саха (Якутыя)…

Але калі нашыя беларусы прыехалі на мейсца й даведаліся пра рэальныя ўмовы працы й заробак, якія моцна адрозьніваюцца ад замацаваных у кантракце, людзі адмовіліся працаваць. За гэта іх звольнілі й нават выгналі зь інтэрнату на мароз. Грамадзяне Беларусі — спадары Гапонаў, Сікорскі й Барычэўскі (чацьвертае прозьвішча нам пакуль невядомае) — ня могуць вярнуцца на радзіму.

Іхныя родныя 4 лістапада накіравалі скаргу ў амбасаду Расеі, Міністэрства замежных справаў Беларусі ды адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Не дачакаўшыся адказу, сёньня сваякі беларускіх грамадзянаў прыехалі ў Менск па дапамогу ад расейскіх дыпляматаў і афіцыйных уладаў сваёй краіны.

Аднак замест дапамогі яны патрапілі на лаву падсудных. Вось як разгортваліся падзеі…

11 гадзінаў. Сваякі патрапіўшых у якуцкі палон беларусаў — Галіна Кітчанка, Марыя і Лідзія Палхоўскія, Тамара Гапонава — правялі прэсавую канфэрэнцыю ў рэдакцыі газэты «Рабочы». Слова Лідзіі Палхоўскай…

(Палхоўская: ) «Гэтыя людзі шукалі работу, за якую плоцяць грошы. У кожнага, вядома, свае мэты былі. У майго брата, напрыклад, маці хворая на анкалягічнае захворваньне, патрэбныя былі грошы. Высьветлілася, што грошы плоцяць зусім не такія, а 30-50 даляраў, пад’ёмныя ім ніхто ня даў. Так яны апынуліся ў безвыходным становічшы, адмовіліся выходзіць на працу. Тут жа іх звольнілі, выкінулі з месца жыхарства, але потым вярнулі, калі тыя рабочыя абвесьцілі галадоўку. Вось яны ўжо з 30 кастрычніка і галадаюць. Мароз 20-30 градусаў. Выкінулі іх з надзеяй на тое, што яны перадумаюць і прыступяць да працы. Гэтага не адбылосмя, і таму тыя былі вымушаныя пасяліць іх назад, каб запабегчы іх сьмерці. Ім пагражаюць, маўляў, вы адсюль ніяк ня выберацеся дадому і таму вымушаныя працаваць. На фірме патрэбная рабочая сіла, і такіх рабоў яны набіраюць».

12 гадзінаў. Жанчыны наладзілі пікет ля сьценаў расейскай амбасады. Празь некалькі хвілінаў адну зь іх — Лідзію Палхоўскую — запрасілі ў будынак. Двое супрацоўнікаў дыпляматычнага прадстаўніцтва, імёны й пасады якіх Лідзія не пасьпела занатаваць, фармальна выслухалі патрабаваньні й паабяцалі зрабіць усё ад іх залежнае.

Тым часам, ля сьценаў амбасады зьявіліся супрацоўнікі міліцыі, якія прапанавалі жанчынам сваю дапамогу й запрасілі ў Цэнтральны РАУС, каб тыя адказалі на некалькі пытаньняў. У прыватнасьці, з чыёй дапамогаю іхныя сваякі ўладкаваліся на працу ў Якутыю…

А палове на трэцюю прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка заявіў радыё Свабода, што пакуль не валодае дакладнай інфармацыяй пра лёс суайчыньнікаў.

15 гадзінаў. Тэлефаную ў Амбасаду Расеі. Супрацоўнік прэсавае службы, які не пажадаў прадставіцца, на маё пытаньне, што робяць афіцыйныя ўстановы суседняе краіны, каб дапамагчы вяртаньню беларускіх грамадзянаў, заявіў па тэлефоне наступнае:

(Голас: ) «А пры чым тут Саха Якутыя і Беларусь? Беларусь мае дачыненьне да Саха Якутыі? Чаму скарга на Саха Якутыю тут, у пасольстве Беларусі? Я трошку не разумею. Мы ня ў курсе справы. Мы нічога ня ведаем».

А 16-й гадзіне высьветлілася, што міліцыянты Цэнтральнага РАУС паралельна з роспытамі пра расейскіх працадаўцаў ды іхных беларускіх прадстаўнікоў склалі на жанчын пратаколы за правядзеньне несанкцыянаванага пікетаваньня. Супрацоўнікі сілавых структураў заявілі жанчынам, што іх ужо чакаюць у судзе, каб прызначыць пакараньне.

17 гадзінаў. Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка адмыслова для радыё Свабода распавёў, якія захады робіць ягонае ведамства, каб вызваліць людзей зь бяды:

(Латушка: ) «Дадзенае даручэньне пасольству Рэспублікі Беларусь у Маскве высьветліць сытуацыю, якая склалася, і аказаць у выпадку неабходнасьці (калі такую дапамогу будуць патрабаваць нашыя грамадзяне) дапамогу ў іх працаўладкаваньні ў тым месцы, дзе яны зараз знаходзяцца, маецца на ўвазе на тым прадпрыемстве, зь якім яны заключылі кантракт, альбо, калі ў іх няма такога жаданьня, аказаць ім дапамогу ў вяртаньні на радзіму».

Тым часам, у судзе Цэнтральнага раёну Менску Галіне Кітчанцы, Лідзіі і Марыі Палхоўскім і Тамары Гапонавай на зачыненым для прэсы судовым паседжаньні вынесьлі папярэджаньне за парушэньне Адміністрацыйнага кодэксу. Яны выходзілі з кабінэту судзьдзі з сьлязьмі на вачох.

А палове на сёмую жанчыны цягнікамі выправіліся зь Менску дахаты — у Пінск, Мазыр, Жодзіна. Заўтра яны маюцца напісаць яшчэ адну скаргу ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі й Міністэрства замежных справаў. Сваякі рашуча наважаныя працягваць дамагацца вяртаньня на радзіму патрапіўшых у бяду грамадзянаў Беларусі.

Ягор Маёрчык, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org