RFE/RL |
Чацьвер, 9 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Міністар юстыцыі Беларусі Генадзь Варанцоў заклікаў усе грамадзка-палітычныя ініцыятывы, прымеркаваныя да прэзыдэнцкіх выбараў, вылучаць і рэалізоўваць толькі ў рамках зарэгістраваных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Міністэрства юстыцыі накіравала за апошні час чатыры лісты толькі ў газэту “Народная воля”, з тлумачэньнем, што дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі забароненая. Гаворыць міністар юстыцыі Генадзь Варанцоў: (Варанцоў: ) “Глыбокапаважаная газэта Народная Воля і іншыя, у нас у рэспубліцы няма такіх арганізацыяў, якія вы зьмяшчаеце ў сваіх калёнках. Апошняе цярпеньне нашае лопнула, апошняя інфармацыя была ў газэце Народная Воля ад 26 кастрычніка 2000 году. Назва гэтага артыкула “Кампанія Байкот 2000 завяршылася перамогай”. — зазначыў міністар Варанцоў. Ён хацеў бы, каб прэса нічога не пісала пра “Хартыю-97”, “Грамадзянскі камітэт Выбар 2001”, Каардынацыйную раду ў справе назіраньня за выбарамі… І каб усе новыя ініцыятывы, прымеркаваныя да прэзыдэнцкіх выбараў, вылучаліся й рэалізоўваліся зарэгістраванымі арганізацыямі ды партыямі або дзеля гэтага ствараліся новыя: (Варанцоў: ) “Калі нехта зьбіраецца ізноў стварыць нейкі каардынацыйны цэнтар, дык вызначыцеся, што гэта за цэнтар, што гэта за грамадзкая арганізацыя, вашыя паўнамоцтвы, функцыі, што вы зьбіраецеся рабіць. Дык рабіце…” А вось у справе скандальнае дзейнасьці іншай незарэгіставанай арганізацыі — менскае філіі “РНЕ” — Генадзь Варанцоў разам з начальнікам управы Міністэрства юстыцыі Міхалам Сухініным зазначылі, што ніякай інфарацыяй на гэты конт не валодаюць: (Сухінін: ) “У нас няма фактуры. Каб хоць хто-небудзь зьвярнуўся ў міністэрства юстыцыі і сказаў аб тым, што вось дзейнічае… Усе пішуць, калі пытаньне даткнецца канкрэтна, ніхто нічога не дае”. Міхал Сухінін прызнаў, што ў апошні час Міністэрства юстыцыі распачала больш актыўна накіроўваць папярэджаньні ў адрас ня толькі газэтаў, але й грамадзкіх арганізацыяў, партыяў. Надзвычайную актыўнасьць ён патумачыў проста: раней увесь працоўны час чыноўнікаў займала перарэгістрацыя, а цяпер яна скончаная і больш часу можна адвесьці кантролю. На гэты момант Аб’яднаная Грамадзянская партыя, напрыклад, мае пяць пісьмовых папярэджаньняў Міністэрства юстыцыі, аб’яднаньне “Маладзёвы форум” — тры. Каб ліквідаваць партыю ці аб’яднаньне праз суд, дастакова двух такіх папярэджаньняў, як гэта адбылося, да прыкладу, з грамадзкім аб’яднаньнем “Адас”. У адносінах да АГП Міністэрства юстыцыі пакуль не зьбіраецца падаваць пазоў у суд пра ліквідацыю. Рабіла Міністэрства юстыцыі і адмысловыя заявы адносна незаконнасьці кампаніі байкоту выбараў, пра няпраўны статус Усебеларускага зьезду за незалежнасьць. А вось адносна іншага ўсебеларускага форуму, статус якога таксама не акрэсьлены ў Канстытуцыі і законах, — Зьезду дэпутатаў мясцовых Саветаў, што быў праведзены на ініцыятыву Лукашэнкі, міністар юстыцыі заявіў, што тут праблемаў няма, і толькі ягоным міністэрствам прынятыя да выкананьня 18 даручэньняў гэтага зьезду. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |