RFE/RL |
Чацьвер, 9 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
Рэчыцкі гарадзкі суд пацьвердзіў абгрунтаванасьць высноваў назіральніка аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Зураба Барбакадзе адносна парушэньня выбарчага заканадаўства ўчастковай камісіяй №22 акругі 46-й у выбарах дэпутатаў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Старшыня ўчастковае камісіі, дырэктарка школы Алена Сыч аштрафаваная на 4 мінімальныя заробкі — 14 тысячаў 400 рублёў. Акт пра парушэньні сябрамі ўчастковае камісіі выбарчага заканадаўства назіральнік з Рэчыцы Зураб Барбакадзе склаў яшчэ пад час першага туру выбараў. Паводле ягонае высновы, сябры камісіі Валеры Васюк, Алена Баброўнік ды Іван Бядзюк фальшавалі вынікі галасаваньня — штучна падвысілі ня менш як на 130 асобаў колькасьць грамадзянаў, якія ўзялі ўдзел у выбарах. Факты доўга спраўджвала пракурорка абласное пракуратуры Марыя Чарнабай разам з супрацоўнікамі мясцовае міжраённае пракуратуры. З трохсот апытаных выбаршчыкаў шасьцёра пацьвердзілі, што асабіста не прыходзілі на ўчастак галасаваць за кандыдатаў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Далей пракуратура ня стала паглыбляцца ў тэму фальшаваньня. Ужо апасьля другога туру галасаваньня пракурор вобласьці Алег Палавінка накіраваў у Рэчыцкі гарадзкі суд адміністрацыйную справу ў адносінах старшыні ўчастковае камісіі Алены Сыч пра парушэньне артыкулу 167, часткі трэцяй Адміністрацыйнага кодэксу — прадастаўленьне магчымасьці адной асобе галасаваць за другую. На падставе матэрыялаў пракуратуры выконваючы абавязкі старшыні суду Аляксандар Матарас і аштрафаваў Алену Сыч на 4 мінімальныя заробкі. Гэта адзіны зь дзясяткаў выяўленых назіральнікамі фактаў фальшаваньня выбараў у рэгіёне, на які са спазьненьнем, але хоць нейкім чынам адрэагавалі праваахоўныя ворганы. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |