RFE/RL |
Чацьвер, 9 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Горадні адбыўся суд па адміністрацыйных справах, складзеных на Пятра Анісімовіча і Міколу Ворана. 1-га лістапада яны былі затрыманы каля помніка Янкі Купалы, пад час ушанаваньня памяці паэта. Абодва быццам бы непадпарадкаваліся міліцыі. Суд цалкам апраўдаў першага з іх, а Міколу Ворану быў прысуджаны штраф памерам адзін мінімальны заробак. 1-га лістапада каля шасьці гадзін вечара каля помніка Янкі Купалы перад Гарадзенскім унівэрсітэтам міліцыяй былі зьнянацку схоплены 23 чалавекі, якія стаялі з запаленымі сьвечкамі. Адна з жанчын чытала вершы паэта. Усе былі дастаўлены ў Ленінскі РАУС. Але пратаколы аб непадпарадкаваньні і нецэнзурнай лаянцы былі складзены толькі адносна двух затрыманых. У судовай зале знаходзілася каля дзесяці міліцыянтаў--тых, хто ажыцьцяўляў затрыманьне, і іхніх прыяцеляў. Паводзіліся яны упэўнена, сьмяяліся. Асабліва, калі Мікола Воран запатрабаваў перакладчыка, адмовіўшыся размаўляць з суддзём на расейскай мове. Перакладчык браў удзел у разборы, а таксама прадстаўнікі Хэльсінскага камітэту Аляксандр Антанюк і Аляксандр Аношчанка. Пад час суду высьветлілася, што міліцыянты першымі хапалі тых, у каго заўважылі на грудзях бел-чырвона-белыя стужкі і эмблемы. Хаця людзі стаялі спакойна, трымалі ў руках сьвечкі і слухалі вершы. Выслухаўшы паказаньні сьведкаў з абодвух бакоў, суддзя Сяргей Ярашэвіч не знайшоў у дзеяньнях Пятра Анісімовіча правапарушэньня і спыніў адміністратыўную справу адносна яго. Міліцыянты сцьвярджалі, што абодва затрыманыя нецэнзурна лаяліся. Сьведкі, аднак, гаварылі, што тыя ніколі не карыстаюцца расейскай лаянкай. У першым выпадку суддзя даў гэтаму веры, у другім, чамусьці--не. Ён прызнаў, што сп-р Воран быццам бы сапраўды лаяўся. Але, маўляў, лаянка была выклікана незаконнымі дзеяньнямі міліцыі адносна яго. Карацей, была апраўданай. Таму ён карае яго штрафам памерам аднаго мінімальнага заробку. Сяргей Астраўцоў, Горадня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |