RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 8 Лістапада 2000

Сёньня



Сталічныя ўлады не дазволілі маладзёвай апазыцыйнай кааліцыі “Пераменаў!” правесьці 12 лістапада шэсьце ў цэнтры Менску ад Акадэміі навук да пляцу Незалежнасьці. Аднак лідэры кааліцыі “Пераменаў!” маюць цьвёрды намер правесьці сваю акцыю ў цэнтры сталіцы ды спадзяюцца, што ўлады праявяць разважлівасьць, і кампраміс у гэтай справе будзе дасягнуты.

Сёньня прадстаўнікі маладзёвай кааліцыі “Пераменаў!” Павал Севярынец, Аляксей Чарняеў і Цімох Дранчук наведалі Менскі гарflprb выканкам, дзе афіцыйна адмовіліся ад сваёй заяўкі на правядзеньне акцыі 12 лістапада.

Улады прапанавалі правесьці гэтую акцыю на пляцы Бангалёр. Паводле Паўла Севярынца, выказваць свой пратэст у цёмным парку апазыцыйная моладзь намеру ніколі ня мела й ня мае. На ягоную думку, улады хутчэй за ўсё спадзяюцца, што акцыя 12 лістапада будзе нешматлікаю, і таму, маўляў, няма сэнсу саступаць маладым апазыцыянэрам.

Намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Пятрушын, які й прыняў рашэньне пра перанос мейсца правядзеньня акцыі “Пераменаў!” на пляц Бангалёр, сёньня адмовіўся сустракацца з маладымі апазыцыянэрамі.

Гаворыць лідэр “Маладога Фронту” Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “У гарвыканкаме ня толькі недаацэньваюць тое, што будзе 12-га, але па-мойму ўвогуле мала зьвяртаюць увагу на абгрунтаваны, насьпелы пратэст беларускай моладзі. Здаецца, чыноўнікі ў высокіх кабінэтах забываюцца на тое, што вельмі багата моладзі ўжо гатовыя прыйсьці а 18 гадзіне на Акадэмію Навук 12 лістапада, яны забываюцца на тое, што вельмі вялікая колькасьць моладзі ў нядзелю – гэта можа нават быць і небясьпечна. Яны абсалютна ў курсе, чым гэта можа скончыцца. Такое было ў нас уражаньне. І тут нам застаецца толькі паспрабаваць яшчэ раз давесьці ўладзе, наколькі ўсё сур’ёзна”.

Лічыць спадар Севярынец.

Хаця арганізатары і адмовіліся ад сваёй заяўкі на правядзеньне акцыі, тым ня менш 12 лістапада да Акадэміі навук яны прыйдуць. Павал Севярыец падкрэсьлівае, што лідэры кааліцыі хочуць пазьбегнуць канфрантацыі і сутычак зь міліцыяй, правесьці акцыю годна й цывілізавана. Яны не губляюць надзеі ўсё ж дасягнуць кампрамісу з уладамі. Таму днямі зьвярнуліся да кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганса-Георга Віка з просьбаю аказаць пасярэдніцтва ў перамовах з уладамі.

Сёньня ж лідэры маладзёвае кааліцыі “Пераменаў!” сустрэнуцца з кіраўніцтвам менскае міліцыі. Апазыцыянэры спадзяюцца, што з міліцыянтамі ўдасца дамовіцца пра тое, каб яны не перашкаджалі моладзі сабрацца 12 лістапада ля Акадэміі Навук.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org