RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 8 Лістапада 2000

Сёньня



Мінула чатыры месяцы з часу зьнікненьня пры загадкавых абставінах у менскім аэрапорце апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Павал Шарамет (кіраўнік інфармацыйнага аддзелу адмысловых праектаў ОРТ і сябра Зьмітра Завадзкага) зьняў фільм “Дзікае паляваньне” пра зьніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку й Зьмітра Завадзкага. Сёньня а 10-й гадзіне вечара прэм’ера фільма на канале ОРТ.

Супрацоўнікі Менскага бюро ОРТ дагэтуль ня маюць ніякіх зьвестак пра тое, дзе цяпер Зьміцер Завадзкі. Калі ў першыя дні пасьля зьнікненьня сьледчыя выклікалі ўсіх, хто разам зь ім працаваў, ці быў блізка знаёмы, дык цяпер на ўсе запыты журналістаў адказваюць аднастайным: “Сьледзтва працягваецца”.

Раней пракуратура, пагражаючы арыштам, вынесла папярэджаньне Паўлу Шарамету пра недапушчальнасьць распаўсюджваньня паклёпу наконт дачыненьня Лукашэнкі й беларускіх спэцслужбаў да выкраданьня Зьмітра Завадзкага. Пасьля гэтага Павал Шарамет некалькі разоў прыяжджаў у Менск, каб здымаць фільм пра зьніклых асобаў у Беларусі.

Гаворыць Павал Шарамет:

(Шарамет: ) “У гэтым фільме мы расказваем аб тым, як зьнік Дзьмітры Завадзкі, разглядаем розныя вэрсіі таго, куды ён мог зьнікнуць, і чаму ён зьнік. І ў гэтым фільме мы таксама расказваем аб іншых зьнікненьнях, якія здарыліся ў Беларусі – аб Віктары Ганчары, аб Захаранку, ёсьць там Тамара Віньнікава. І мы ўвогуле паказваем, якая складаецца абстаноўка, атмасфэра ў Белаурсі. Рабіць здымкі і працаваць для нас у Беларусі было цяжэй, чым у Чачні, бо ў Чачні ўсё зразумела: тут баевікі, там фэдэралы, тут ёсьць магчымасьць здымаць, там няма. У Беларусі ўсё больш складана. Фармальна нічога не забаронена, але фактычна нічога зрабіць фармальна немагчыма. Увесь час за намі віжавалі, я зьвяртаўся з афіцыйным лістом да старшыні КДБ Беларусі, да міністра ўнутраных справаў, і калі мы працавалі з Зінаідай Ганчар, то стаяла машына, якая ўсю нашую размову “пісала”. Нам не далі зьняць у школе, дзе вучыўся Дзіма, і дзе зараз вучыцца яго сын. І такіх вось складаных сытуацыяў было вельмі шмат”.

Паведаміў нашаму Радыё Павал Шарамет.

Усе, хто браў удзел у здымках гэтага фільма, вельмі чакаюць яго выхаду на экран. Сьвятлана, жонка Зьмітра Завадзкага, спадзяецца, што, магчыма, пасьля дэманстрацыі фільма нехта зь відавочцаў выкраданьня яе мужа адгукнецца й дасьць хоць нейкую інфармацыю, якая дапаможа ў пошуках.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org