RFE/RL |
Серада, 8 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Разам з прэзыдэнцкімі выбарамі адбыліся і парлямэнцкія: пераабіраліся траціна сэнатараў і увесь склад Палаты прадстаўнікоў. Паводле вынікаў выбараў, Рэспубліканская партыя захавала перавагу ў Палаце прадстаўнікоў, сытуацыя ў Сэнаце пакуль застаецца няпэўнаю. Рэспубліканская партыя пакуль што атрымала ў Палаце прадстаўнікоў 220 дэпутацкіх мейсцаў, дэмакраты – 211 мандатаў, два мейсцы дасталіся незалежным кандыдатам. Рэспубліканцы ўтрымліваюць перавагу ў ніжняй палаце Кангрэсу з 1994 году. А вось у верхняй палаце Кангрэсу, Сэнаце, разрыў паміж партыямі скараціўся да мінімума. У Сэнаце сытуацыя пакуль застаецца няпэўнаю: са 100 сэнатараў пераабіраліся 34. Паводле вынікаў учорашніх выбараў, рэспубліканцы маюць у Сэнаце 50 мейсцаў, дэмакраты – 49. Лёс апошняга мейсца пакуль застаецца нявызначаным. Справа ў тым, што Джозэф Лібэрман, які балятаваўся разам з Горам на пасаду віцэ-прэзыдэнта, адначасна балятаваўся і ў Сэнат ад свайго штату Канэктыкут – амэрыканскі закон гэта дазваляе. Дарэчы, дэмакраты папікалі сп-ра Лібэрмана за такую спробу падстрахавацца. У выніку Лібэрман выйграў выбары ў Сэнат у свайго суперніка рэспубліканца. Але канчатковае разьмеркаваньне галасоў у Сэнаце залежыць зараз ад выніку прэзыдэнцкіх выбараў. Калі перамог Буш, Лібэрман зойме мейсца ў Сэнаце, і галасы разьмяркуюцца пароўну – 50 на 50. Праўда, ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй пасаду старшыні верхняй палаты зойме віцэ-прэзыдэнт, у гэтым варыянце Рычард Чэйні. Калі ўсе ж такі перамога дасталася Гору, Лібэрман робіцца віцэ-прэзыдэнтам, а сэнатара ад Канэктыкута прызначыць губэрнатар. Але паколькі гэты штат узначальвае рэспубліканец, хутчэй за ўсё ён прызначыць сябра сваёй партыі. Такім чынам, якія б ні былі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў рэспубліканцы захаваюць мінімальную перавагу і ў верхняй палаце Кангрэсу. У Нью-Ёрку пераканаўчую перамогу на выбарах у Сэнат атрымала жонка дзейнага
прэзыдэнта Гілары Клінтан. Упершыню ў гісторыі Амэрыкі жонка прэзыдэнта
заняла такую высокую пасаду.
(Гілары Клінтан: ) “Я абяцаю вам, што ня буду зважаць на партыйныя адрозьненьні, каб дамагчыся паляпшэньня жыцьця для ўсіх нью-ёркскіх сем’яў. Сёньня мы галасавалі як дэмакраты і рэспубліканцы, заўтра мы ізноў станем толькі нью-ёркцамі” Варта адзначыць, што сярод ста амэрыканскіх сэнатараў 12 жанчынаў – больш як калі. Дзіўны выпадак адбыўся на выбарах сэнатара ад штату Місуры – парлямэнтаром абраны нябожчык. Кандыдат-дэмакрат Карнахан загінуў у авіякатастрофе за тры тыдні да выбараў, але ягонае імя засталося ў бюлютэні. І загіблы палітык пераканаўча перамог свайго жывога канкурэнта. Рашэньнем губэрнатара штату на мейсца ў сэнаце ад Місуры будзе прызначаная ўдава Карнахана. На выбарах у Палату прадстаўнікоў ад Нью-Джэрсі захаваў сваё дэпутацкае мейсца Крыстафэр Сьміт, які ўзначальваў у палаце мінулага скліканьня камітэт па сувязях з АБСЭ і пільна займаўся беларускімі справамі. А вось кангрэсмэн Сэм Гейдэнсан ад штату Канэктыкут, аўтар шэрагу кангрэсавых рэзалюцыяў пра сытуацыю ў Беларусі, саступіў падчас учорашніх выбараў рэспубліканцу Робу Сымансу, былому афіцэру ЦРУ. Зразумела, увага ўсяго сьвету прыцягнутая зараз да драматычнага сюжэту амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Але ў Амэрыцы Кангрэс валодае вельмі вялікай ўладай: Сэнат зацьвярджае кандыдатаў на ўсе ключавыя дзяржаўныя пасады, Палата прадстаўнікоў трымае дзяржаўны кашэль. Варта прыгадаць, што лёзунгам амэрыканскай рэвалюцыі было не патрабаваньне ўсеагульнга шчасьця, а “няма падаткаў без прадстаўніцтва”, гэта значыць, патрабаваньне, каб падаткі разьмяркоўвалі народныя абраньнікі. Учора амэрыканцы абралі сваіх прадстаўнікоў 43-ці раз. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |