RFE/RL |
Аўторак, 7 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
На рэчавых рынках краіны працягваецца перасьлед гандляроў за парушэньне імі новых мытных правілаў. Як паведаміў нашаму радыё сябра Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Юрась Грыгор’еў, фінансавыя праверкі сёньня пачаліся на самым буйным у Менску рэчавым кірмашы — на стадыёне “Дынама”. Там дзяржаўныя кантралёры абвінавацілі ў ігнараваньні новых мытных правілаў гандляроў радыёапаратуры. Кантралёры запатрабавалі, каб радыёапаратура, прывезеная з Масквы ці іншых гарадоў Расеі, якая паходзіць з трэціх краінаў, прайшла мытнае афармленьне. Як мне паведамілі ў рэспубліканскім страйкаме, колькасьць падобных фактаў з кожным днём павялічваецца. Гаворыць сябра страйкаму Валеры Сіманаў: “Зараз ідзе кампанія, скіраваная на запалохваньне прадпрымальнікаў. Паводле нашых зьвестак, выбіраюць найперш гандляроў, якія маюць шмат тавараў. Складаюцца акты, што прадпрымальнікі нібыта рэалізуюць іх з парушэньнем новых правілаў. Выпісваюцца штрафы ад 20 да 50 тысячаў рублёў. І іх папярэджваюць, што калі на працягу двух тыдняў тавар ня пройдзе мытнае афармленьне, ужо пачнуцца вельмі сур’ёзныя санкцыі”, — зазначыў Валеры Сіманаў. Між тым, паводле ягоных словаў, пакуль ніводзін прыватны прадпрымальнік не падпарадкаваўся чыноўніцкім указаньням. З аднаго боку, гандляры ня ў стане павялічыць выплаты дзяржаве. З другога — мытныя новаўвядзеньні, паводле словаў Валерыя Сіманава, прынятыя пасьпешліва й ня могуць быць выкананыя гандлярамі практычна. Рэч у тым, што дзейнасьць беларускае мытні не разьлічаная на абслугоўваньне 150 тысячаў дробных гандляроў. На думку сяброў страйкаму, нават у Менску мэханізм мытнага афармленьня будзе даваць збоі, бо тут усяго каля дзясятка мытных пунктаў. Але найбольшыя цяжкасьці грувасткая працэдура створыць для гандляроў, якія жывуць у раённых цэнтрах, дзе няма мытняў. Гаворыць Валеры Сіманаў: “Скажам, прадпрымальнікам зь Дзяржынску патрэбна будзе ехаць у Менск. Тое ж самае тычыцца, напрыклад, і гандляроў Узьдзенскага раёну. Інакш кажучы, фактычна з усіх раёнаў Менскае вобласьці прадпрымальнікі мусяць выпраўляцца ў сталіцу”, — лічыць сябра страйкаму прыватных прадпрымальнікаў Валеры Сіманаў. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |