RFE/RL |
Аўторак, 7 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Святкаваньне 7 лістапада, якое з абраньнем Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам зноў стала дзяржаўным сьвятам, прайшло сёньня ў сталіцы й рэгіёнах Беларусі надзвычай сьціпла. У большасьці гарадоў не было масавых мітынгаў і шэсьцяў. У Менску сьвяткаваньне як апазыцыйнае Партыі камуністаў Сяргея Калякіна, гэтак і праўрадавае — Віктара Чыкіна — гарадзкімі ўладамі было абмежавана ўскладаньнем кветак да помніка Леніна. Шэсьце й мітынг у цэнтры горада былі забароненыя. Такім чынам, нешматлікая акцыя абедзвюх кампартыяў, а таксама іхных спадарожнікаў — сталіністаў, “лімонаўцаў”, руху ДСПС — адбылася выключна ля помніка Леніну. Камуністы-“чыкінцы” нечакана правялі колькіхвілінны несанкцыянаваны мітынг, але не былі разагнаныя міліцыяй. Пры гэтым лідэр прокамуністычнага “Руху за сацыяльны прагрэс і справядлівасьць” Леанід Школьнікаў заклікаў да адстаўкі кіраўніка Менскага гарадзкога выканкаму. Больш шматлікай, чалавек на трыста, была калёна Партыі камуністаў на чале зь Сяргеям Калякіным, якія ўсклалі кветкі да помніка й разыйшліся. Яшчэ некалькі гадоў таму да сьвяткаваньня 7 лістапада ў Менску ўлады ставіліся па-іншаму. Акрамя шматлюдных шэсьцяў па праспэкце Францішка Скарыны, што часта праводзіліся дзякуючы сумнавядомае “разнарадцы”, праходзілі сьвяточныя кірмашы, тэатралізаваныя імпрэзы з коньнікамі й тачанкамі. Аляксандар Лукашэнка адчыняў у гэты дзень новыя станцыі мэтро. Сёлета падобных акцыяў “да чарговае гадавіны” не было. Аляксандар Лукашэнка толькі павіншаваў грамадзянаў са сьвятам, зазначыўшы ў сваім звароце, што “кастрычніцкая рэвалюцыя дала магчымасьць беларускаму народу здабыць дзяржаўнасьць, захаваць і разьвіць нацыянальную культуру”. Чаму ўлады не жадаюць маштабнага адзначэньня гэтага сьвята, разважае другі сакратар Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган: (Скрыган: ) “Гэта пачалося са сьвяткаваньня 1 Мая мінулага году. Тады на гэтай плошчы сабралося шмат людзей, быў мітынг, былі прамовы і рабочых, і інтэлегенцыі. Але словы загучалі аб тым, якое сёньня нашае жыцьцё, загучала праўда аб становішчы Рэспублікі Беларусь. Чаму не дазволілі мітынг, чаму не дазволілі шэсьце? Мабыць таму, што тыя лёзунгі, пад якімі пайшлі камуністы сёньня, тыя словы, якія б гучалі сёньня, яны не задавальняюць уладу, і ўлада ня хоча іх слухаць”. Алена Скрыган паведаміла, што падобнымі былі й дзеяньні выканкамаў іншых буйных гарадоў Беларусі, бо яны каардынаваліся зь Менску. На самой справе, толькі ў Гомлю прайшло адносна шматлюднае сьвяткаваньне. Як паведаміла нашая карэспандэнтка Марыя Шыманоўская, там адбыліся шэсьце й мітынг з удзелам кіраўніка абласнога выканкаму Ўладзімера Вайцянкова. У іх узялі ўдзел каля трох тысячаў чалавек. Частка студэнтаў, якія пайшлі на дэманстрацыю пад прымусам, месца мітынгу пакінулі адразу ж. У Віцебску прадстаўнікі апазыцыйнае Партыі камуністаў гаварылі пра цяжкі эканамічны стан і паўсюдную галечу ў Беларусі, аднак абвінавацілі ў гэтым чамусьці не цяперашнія ўлады, а Гарбачова й Шэварнадзе. Бяз масавых мітынгаў і шэсьцяў абыйшлося ў Горадні, Берасьці, Баранавічах і шмат якіх іншых гарадох, дзе сьвяткаваньне абмежавалася ўскладаньнем кветак нешматлікіх састарэлых прыхільнікаў камуністычнай ідэі. Дажджлівае надвор’е зусім не спрыяла гэтым акцыям. Але справа ня толькі ў надвор’і, але — у грамадзкіх настроях. Чаму так адбываецца, разважае вядомы палітык Аляксандар Дабравольскі: (Дабравольскі: ) “Мяняецца час, і тыя ідэі, якія панавалі ў грамадзтве, сьляпілі людзям вочы, зараз проста становяцца троху сьмешнымі і троху страшнымі. Людзі ўсё больш разумеюць, да чаго гэта ўсё прывяло. І ў гэтым сэнсе, выступаць за гэтыя ідэі могуць толькі тыя, хто нічога іншага ў сваім жыцьці не занайшоў. Таксама я думаю, што ў лягеры Лукашэнкі зараз разгубленасьць пэўная, бо няма ніякіх посьпехаў, і ўсялякія спасылкі на заврот да старога таксама нічога не далі”. Гэта быў Аляксандар Дабравольскі. Асабіста ён 7 лістапада сьвяткаваў 10-годзьдзе Аб’яднанае Дэмакратычнае партыі і пяцігодзьдзе — Аб’яднанае Грамадзянскае партыі. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |