RFE/RL |
Панядзелак, 6 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Беларускія палітыкі робяць стаўку на розных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў, але бальшыня зь іх ўпэўненыя, што амэрыканская палітыка ў дачыненьні да Беларусі пасьля выбараў 7 лістапада ня зьменіцца. Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША — Джордж Буш ці Альбэрт Гор? І ці зьменіцца беларуская палітыка Вашынгтону пасьля выбараў 7 лістапада? Зь гэтымі пытаньнямі я зьвярнуўся да розных палітыкаў, якіх можна было знайсьці ў Менску сёньня, у выходны дзень. Вось які адказ дала Вольга Абрамава з грамадзянскага аб’яднаньня “Яблоко”: (Абрамава: ) “Пераможа Буш, і калі пераможа Буш, дык не адразу, але амэрыканская палітыка зьменіцца, таму што кансэрватары якраз адрозьніваюцца добрым валоданьнем міжнароднымі пытаньнямі”, — сказала спадарыня Абрамава, якую днямі абралі ў гэтак званую “палату прадстаўнікоў”. На перамогу таго ж кандыдата ў прэзыдэнты ЗША разьлічвае Аляксандар Дабравольскі з Аб’яднанай Грамадзянскай партыі: (Дабравольскі: ) “Я думаю, што большыя магчымасьці зараз у Буша, а каб штосьці істотна зьмянілася, думаю, што не. І рэспубліканцы, і дэмакраты будуць адстойваць інтарэсы Злучаных Штатаў Амэрыкі. Я думаю, нейкія зьмены ў адносінах да Беларусі не адбудуцца”. Заявіў спадар Дабравольскі, адзін зь лідэраў АГП. А вось лібэрал-дэмакрат Сяргей Гайдукевіч ставіць на іншага кандыдата: (Гайдукевіч: ) “Я думаю, што Гор. І хварэю за Гора. Але думаю, што амэрыканская палітыка ва ўсіх выпадках ня зьменіцца — калі да ўлады прыйдзе ці спадар Буш, ці спадар Гор. Я думаю, што палітыка ў дачыненьні да Беларусі будзе працягнутая”, — сказаў Сяргей Гайдукевіч, лідэр Лібэральна-Дэмакратычнае партыі. Ягоны прагноз, што да пераможцы амэрыканскіх выбараў, не падзяляе камуніст Сяргей Калякін: (Калякін: ) “Я думаю, што нічога ня зьменіцца, таму што з пункту погляду замежнае палітыкі што адзін, што другі будуць усё адно адстойваць амэрыканскія інтарэсы, і ў дадзеным выпадку я не чакаю якіх-небудзь зьменаў у палітыцы. А хто можа быць — цяжка сказаць, але я думаю, што Буш”, — зазначыў Сяргей Калякін, кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай. На Буша ставіць і дэпутат абедзьвюх “Палатаў прадстаўнікоў” Іван Пашкевіч, які быў адзіным палітыкам, хто мяркуе, што беларуская палітыка Вашынгтону зьменіцца. Хто пераможа? — спытаў я спадара Пашкевіча… (Пашкевіч: ) “Га-га. Буш”. (Карэспандэнт: ) “Палітыка ЗША ў дачыненьні да еларусі зьменіцца ці не?” (Пашкевіч: ) “Да Беларусі? Абавязкова. Будзе больш прагматыкі, таму што калі чалавек знаходзіцца ўжо 4-5 год на пасадзе, дык усё ідзе па накатанай каляіне, як кажуць”. Гэта быў Іван Пашкевіч, былы насмесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі ў справах ідэялёгіі. Іншае думкі пра наступнага прэзыдэнта ЗША лідэр Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч. (Статкевіч: ) “Я ня ведаю, хто пераможа. Прагнозы – рэч няўдзячная, і гэта не мая краіна. Я хварэю за дэмакратаў і за Гора, а наконт зьменаў – я ня думаю, што будуць нейкія радыкальныя зьмены, таму што дзяржаўныя інтарэсы – рэч стабільная, і іх разуменьне мае на такой адлегласьці, як мы знаходзімся ад Амэрыкі, нязначныя варыянты. Магчыма, гэтая палітыка будзе яшчэ больш жорсткай, калі пераможа не дэмакрат, а рэспубліканец”. Гэта быў спадар Статкевіч. Кіраўнік іншае, але таксама Сацыял-Дэмакратычнае партыі Станіслаў Шушкевіч быў адзіным палітыкам, які ня выказаў сваёй прыхільнасьці да таго ці іншага кандыдата. (Шушкевіч: ) “Я лічу там мэханізм дэмакратычным. Я ня ведаю, хто пераможа. Я сачу за гэтым і ня ведаю, хто пераможа. Я маю пэўныя асабістыя сымпатыі, але таксама не хачу іх выказваць. Але хто б не перамог, я думаю, стаўленьне да нас ня зьменіцца, і гэта паказвае рэзалюцыя Кангрэсу. Вы ведаеце, кожны прэзыдэнт ня можа адступіць ад рэзалюцыі Кангрэсу, і вось 153-я рэзалюцыя Кангрэсу, і Сэнатам узгодненая, яна паказвае, што стаўленьне да Беларусі будзе такім як вырашыў Кангрэс”. Сказаў Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік беларускае дзяржавы. А вось што мяркуе Павал Шыпук, старшыня гэтак званага “Савету Рэспублікі”: (Шыпук: ) “Цяжка мне сказаць, хто зь іх пераможа. Я назіраю разам з Вамі за, так бы мовіць, цкаваньнем іх на тэлевізіі. Таму складана сказаць, што там будзе. Я думаю, што сымпатыі беларускага народу ні да таго, ні да іншага не належаць, хаця Буш нам больш вядомы праз бацьку, але Гор — таксама для нас цікавы чалавек. Я думаю, што палітыка амэрыканская заўсёды была такой палітыкаю, якая ўсяго толькі падкрэсьлівае значнасьць інтарэсаў сваёй Рэспублікі, гэта значыць Злучаных Штатаў Амэрыкі, а ўжо іншыя для іх так — пастолькі–паколькі. Я думаю, што пазыцыя іхная ня будзе мяняцца”, — зазначыў спадар Шыпук, сьпікер верхняе палаты гэтак званага “Нацыянальнага сходу”. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |