RFE/RL |
Панядзелак, 6 Лістапада 2000 |
Сёньня |
У Полацку і Наваполацку не спыняецца страйк дробных прадпрымальнікаў. Тамтэйшыя рэчавыя кірмашы вось ужо амаль тыдзень не працуюць, і гэта выклікае незадавальненьне жыхароў гарадоў і занепакоенасьць мясцовых уладаў. Згаданая акцыя выкліканая пастановай Дзяржаўнага мытнага камітэту ў справе мытнага афармленьня тавараў, якія дробныя прадпрымальнікі завозяць з Расеі, але якія вырабленыя ў трэціх краінах. Мала таго, што новыя падаткі для бальшыні “чаўнакоў” сталіся папросту непад’ёмныя, дык і арганізаваць мытнае афармленьне тавараў не ўяўляецца магчымым з-за шэрагу аб’ектыўных прычынаў. За шэсьць дзён страйку ў тым жа Наваполацку не было выпадкаў штрэйхбрэхерства. Прычына страйкавага імпэту зразумелая. Напярэдадні ўвядзеньня новых мытных правілаў “чаўнакоў” папярэдзілі: калі хто зь іх не аплоціць мытную пошліну за тавары і падатак на дадатковую вартасьць і не аформіць усіх патрэбных дакумэнтаў цягам 15 дзён, то мусіць аплаціць штраф у памеры 100% кошту тавару. У мінулую пятніцу прадпрымальнікі Полацку і Наваполацку правялі агульныя сходы, на якіх адзінагалосна вырашылі працягваць страйк да таго часу, пакуль улады і прафсаюз прадпрымальнікаў не дасягнуць у гэтым пытаньні кансэнсусу. Улады напачатку не надалі страйку належнае ўвагі, палічыўшы, што праз дзень-другі “чаўнакі” выйдуць на працу. Але, убачыўшы настрой страйкоўцаў, падлічыўшы сумы, якія не атрымоўвае бюджэт, зьмянілі парадыгму паводзінаў. На 8 лістапада прызначаная сустрэча кіраўнікоў прафсаюзных суполак прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці з намесьнікам старшыні аблвыканкаму спадаром Мікалаем Федарчуком. Дадамо, што акцыю полацкіх і наваполацкіх прадпрымальнікаў падтрымалі іх калегі з Мёраў, Дрысы, Докшыцаў і Глыбокага. У гэтых гарадох рэчавыя рынкі таксама апусьцелі. Вінцэсь Мудроў, Наваполацк
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |