RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 6 Лістапада 2000

Сёньня



12 лістапада ў Менску й шэрагу іншых гарадоў краіны мае адбыцца сэрыя масавых моладзевых акцыяў пад агульным назовам “Пераменаў!”. Кааліцыя моладзевых арганізацыяў зьбіраецца вывесьці на вуліцы тысячы хлопцаў і дзяўчат пад лёзунгамі барацьбы за свабоду, дэмакратыю і дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі.

Актывісты 7 грамадзкіх аб’яднаньняў, якія ўваходзяць у Кааліцыю моладзевых арганізацыяў, маюць намер правесьці акцыю “Пераменаў!” у 33 гарадох Беларусі. І амаль усюды яны сутыкнуліся з супрацівам мясцовых уладаў. Прыкладам, у Слоніме й Баранавічах паўсталі праблемы з памяшканьнем для канцэрту. А ў Менску гарадзкі выканкам забараніў шэсьце па праспэкту Францішка Скарыны.

(Севярынец: ) «Калі я размаўляў з намесьнікам мэра Менску спадаром Пятручыным, ён нават усур’ёз не ўспрымае маладзёвыя акцыі, а мы ня хочам супрацьстаяньня, правакацыяў і гвалту як самамэты ў акцыі. У выпадку жорсткага супрацьстаяньня ўладаў, у выпадку проста непрыманьня нашай пазыцыі заяўнікі гатовыя скласьці з сябе адказнасьць за правядзеньне акцыяў,»

— заявіў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец. Ён, тым ня менш, яшчэ спадзяецца на кампраміс з уладамі адносна маршруту шэсьця.

У Менску акцыя распачнецца з узнагароджваньня колішніх сяброў «Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі», якія адгукнуліся на прапанову Кааліцыі моладзевых арганізацыяў спыніць сяброўства ў БПСМ.

Прадстаўнікі Кааліцыі спадзяюцца, што ў акцыі «Пераменаў!» возьме ўдзел больш людзей, чым у папярэдніх маніфэстацыях. Павал Севярынец лічыць, што пасьля пасьпяхова праведзенае кампаніі «Байкот-2000» у моладзевым асяродку ўзрасла цікавасьць да палітычнага жыцьця ў краіне, і цяпер гэты інтарэс трэба падтрымліваць.

Кааліцыя праз прывабныя для моладзі вулічныя выступы імкнецца зацікавіць яе будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі. І ад ейнай актыўнасьці ў той выбарчай кампаніі будзе залежаць шмат. Перадусім у гэтым кірунку і дзейнічае сёньня Кааліцыя моладзевых арганізацыяў.

Ягор Маёрчык, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org