RFE/RL |
Панядзелак, 6 Лістапада 2000 |
Сёньня |
(эфір 4 лістапада) Чым адрозьніваюцца праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША? Пад час прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША зьнешнепалітычная праблематыка ніколі не была вызначальнай. У 1992 годзе бацька цяперашняга кандыдата, тагачасны прэзыдэнт Джордж Буш быў у арэоле пераможцы Садама Гусэйна, але справы ў эканоміцы ішлі ня лепшым чынам. І перможца Гусэйна саступіў губэрнатару Арканзаса Клінтану, які ішоў пад лёзунгам, адрасаваным самому сабе: “Дурань, уся справа ў эканоміцы”. Наглядальнікі адзначаюць, што пад час цяперашняй перадвыбарчай кампаніі пытаньні міжнароднай палітыкі адыгрывалі як ніколі малую ролю. Тым ня менш у поглядах асноўных кандыдатаў на міжнародныя праблемы існуюць пэўныя адрозьненьні. Буш у большай ступені, чым Гор, схільны ініцыяваць стварэньне нацыянальнай супрацьракетнай абароны, не зважаючы на пярэчаньні саюзьнікаў па НАТА і Расеі. Рэспубліканскі кандыдат таксама лічыць, што амэрыканскія міратворчыя сілы мусяць быць вернутыя дадому з Босьніі і Косава, а падтрыманьнем міру ў Эўропе павінныя займацца эўрапейскія саюзьнікі ЗША. Наглядальнікі не выключаюць, што Гор будзе больш падтрымліваць Ізраіль у блізкаўсходнім канфлікце, прыгадаем, што кандыдат ў віцэ-прэзыдэнты Джозэф Лібэрман, што балятуецца разам з ім – артадаксальны і юдаіст. Амэрыканскі часопіс Тime зьвяртае ўвагу на адрозьненьні паміж эканамічнымі ўяўленьнямі кандыдатаў. Ужо некалькі гадоў амэрыканскі дзяржаўны бюджэт зводзіцца з прафіцытам, гэта значыць, даходы больш за выдаткі. Буш прапаноўвае істотна зьнізіць падаткі – на паўтары трыльёны даляраў, прычым найбольшую палёгку, паводле яго пляну, атрымаюць заможныя амэрыканцы, якія, падкрэсьлівае Буш, і так даюць асноўную долю даходаў бюджэту. Гор прапаноўвае больш сьціплае зьніжэньне падаткаў – на 480 мільярдаў даляраў, прычым паводле яго пляну падатковы цяжар мяркуецца зьменшыць у асноўным для мала- і сярэднезабясьпечаных амэрыканцаў. Па-рознаму мяркуюць кандыдаты абысьціся са звышпрыбыткамі фонду сацыяльнага страхаваньня: Буш прапаноўвае зьнізіць выплаты ў Фонд, Гор мяркуе выкарыстаць гэтыя сродкі для датэрміновай выплаты ўнутранай дзяржаўнай запазычанасьці. Нарэшце, Буш лічыць, што варта часткова прыватызаваць дзяржаўную праграму мэдычнага страхаваньня Medicare. Нягледзячы на падабенства біяграфіяў, кандыдаты адрозьніваюцца і стылем паводзінаў. Гор – старажыл Вашынгтону, падкрэсьлівае, што Буш дрэнна разумее “кухню” вышэйшай улады і, калі стане прэзыдэнтам, будзе адстойваць не нацыянальныя прыярытэты, а пажаданьні пэўных групаў інтарэсаў. Каманда Буша спрабуе стварыць вобраз Ала Гора, як чалавека, якому нельга давяраць. Безумоўна, Ал Гор мае большы палітычны вопыт. Да таго ж Джордж Буш часам робіць сьмешныя памылкі, блытае назвы і факты. Неяк, напрыклад, ён заявіў пра свой непакой з тае нагоды, што істотная частка нафты, што імпартуецца ў ЗША, увозіцца з-за мяжы. (Імпарт – гэта і ёсьць дакладна тое, што ўвозіцца з-за мяжы) Але ня выключана, што гэтыя недарэчнасьці – сьвядомыя, і зьяўляюцца часткаю перадвыбарчай тактыкі. На тле Гора – палітыка з галавой як кампутар, які ведае ўсё на сьвеце, Буш, так бы мовіць, свойскі хлапец з тэхаскай глыбінкі, выклікае большыя сымпатыі ў значнай часткі выбаршчыкаў. Стылі кандыдатаў розныя, але сілы – прыблізна роўныя. 7 лістапада Амэрыка зробіць выбар – хто, Гор ці Буш, павядзе краіну ў ХХІ стагодзьдзе. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |