RFE/RL |
Панядзелак, 6 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Заўтра ў Злучаных Штатах Амэрыкі будуць абіраць чарговага прэзыдэнта краіны. На фініш абодва кандыдаты прыйшлі з амаль роўнымі шанцамі. Нават самыя апошнія сацыялягічныя дасьледаваньні не даюць адказу на пытаньне, на чыім баку будзе перамога. Паводле апытаньняў, Буш мае лепшыя шанцы, але яго перавага зусім невялікая. “Чаму сілы настолькі роўныя?” – такім пытаньнем задаецца аглядальнік сёньняшняга нумару New York Times. Ён нагадвае шматлікія недарэчнасьці, якія дапускаў Буш падчас перадвыбарчай кампаніі, апошняя – выступ кандыдата наконт прывтызацыі фонду сацыяльнага страхаваньня. “Некаторыя ў Вашынгтоне хочуць перадаць Фонд ў кіраваньне ўраду,” – заявіў Буш. Але, адзначае аўтар газэты, Фонд і так кіруецца ўрадам. “Як наймагутнейшая краіна ў сьвеце можа аддаваць первагу чалавеку, які гэтак часта блытаецца ў пытаньнях нацыянальнай палітыкі?” – пытае аўтар New York Times. Яго адказ палягае ў тым, што дэмакраты ня здолелі выкарыстаць свае перавагі і забясьпечыць адзінства нават ў сваёй партыі. Вялікую шкоду Гору, на думку аўтара, зрабіла і рэха сэксуальнага скандала з дзейным прэзыдэнтам Клітанам. Да таго ж, адзначае New York Times, выбаршчыкі рэспубліканцаў мала зьвяртаюць увагу на недарэчнасці ў прамовах Буша, ім дастакова таго, што ён цьвёрда абяцае скараціць падаткі. New York Times прыгадвае, як у 1948 годзе тагачасны прэзыдэнт-дэмакрат Гары Труман у апошнія дні перад выбарамі аб’езьдзіў усю краіну, пераканаўча заклікаючы людзей не галасаваць за рэспубліканцаў, што адстойваюць інтарэсы багатых, і вырваў перамогу. Дарэчы, тагачасная кампанія была адзінаю, калі вядомы сацыялягічны цэнтар Gallup зрабіў памылку. Ён прадказваў Труману паразу, але ня ўлічыў яго фінішны рывок. Ці здольны на такі ж рывок Гор? – гэтае пытанньне New York Times пакідае без адказу. Перадвыбарчая кампанія ўнесла падзел паміж найбольш уплывовымі амэрыканскімі выданьнямі. На пазамінулым тыдні New York Times і Washington Post у сваіх перадавых артыкулах недвухсэнсоўна абвесьцілі, што падтрымліваюць Гора. У сваю чаргу, напрыклад, Wall Street Journal падтрымлівае кандыдата рэспубліканцаў. У сёньняшнім артыкуле газэты выказваецца меркаваньне, што амэрыканцаў палохае, што Гор, калі стане прэзыдэнтам, вернецца да даклінтанаўскай традыцыі дэмакратаў узмацняць уплыў федэральнага ўраду. У сваю чаргу значная частка эўрапейскіх выданьняў аддае перавагу Гору. Рымская Repubblika піша, што Эўропа зацікаўленая ў пераемнасьці амэрыканскай палітыкі, газэта прыгадвае, як падчас амэрыканскіх выбараў у 1992 годзе эўрапэйцы аддавалі перавагу бацьку цяперашняга кандыдата, дзейнаму тады прэзыдэнту Бушу перад маладым губэрнатарам Арканзасу Клінтанам. Газэту непакоіць і сэнс альтэрнатыўнай палітыкі, што прапаноўвае цяперашні кандыдат Джордж Буш, якая палягае ў зьмяншэньні адказнасьці Амэрыкі за падтрыманьне міру ў Эўропе. Вось тэзы кандыдатаў, што тычацца іх прыярытэтаў у зьнешняй палітыцы, якія былі выкладзеныя падчас іх тэледэбатаў. Ал Гор мяркуе: “Сьвет зьмяняецца вельмі хутка, і мы робімся бліжэй адзін да аднога. Падабаецца гэта ці не, мы, ЗША, зараз натуральны лідэр сьвету”. Джордж Буш бачыць ролю Амэрыкі крыху інакш: “Ня трэба думаць, што роля ЗША ў тым, каб прыходзіць у іншую краіну і казаць: “Мы робім гэта так, таму і вы мусіце рабіць гэтаксама”. Я лічу , што мы можам дапамагаць. І я ведаю, што мы мусім падтрымліваць дэмакратыю і свабодны рынак”. Варта адзначыць, што ўсё ж ня ўсе эўрапейскія выданьні аддаюць перавагу Гору. Напрыклад, уплывовы брытанскі часопіс Economist піша: “Калі б наш часопіс браў удзел у амэрыканскіх выбарах, ён галасаваў бы за Буша, аддаючы перавагу яго прыхільнасьці “малому” ураду і яго прарынкавай філязофіі”. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |