RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 3 Лістапада 2000

Сёньня



Беларускі Гэльсынскі камітэт атрымлівае ад розных пракуратураў адмовы ўзбудзіць супраць 70 асобаў крымінальныя справы пра парушэньне заканадаўства ў часе выбараў. У той час як прызначаны Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня генэральны пракурор Рыгор Пракаповіч бачыць у дзеяньнях старшыні Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзіі Ярмошынай прыкметы гармадзка небясьпечнае дзейнасьці ды называе ўсе кастрычніцкія выбары новым эпізодам крымінальнае справы паводле артыкулу “Захоп дзяржаўнае ўлады неканстытуцыйным шляхам”.

Розныя пракурорскія ўстановы пачалі дасылаць у Беларускі Гэльсынскі камітэт адмоўныя адказы на скаргі з прыкладамі шматлікіх парушэньняў выбарчага заканадаўства ў часе апошняе кампаніі. Такія адмовы надышлі ўжо з пракуратуры Маскоўскага раёну сталіцы, з Маладэчанскай ды Салігорскай пракуратураў, паведаміў выканаўчы дырэктар Беларускага Гэльсынскага камітэту Алег Гулак.

(Гулак: ) “Салігорская пракуратура зрабіла тое ж самае, што рабілі і іншыя пракуратуры, – перадала справу ў выбарчую камісію на разгляд. Агульны падыход для ўсіх пракуруатураў. Яны не выконваюць свае абавязкі, не даюць прававую ацэнку таго, што адбылося. Не даюць кваліфікацыю таго, што зроблена. Адпраўляюць у акруговую камісію. Пракуратура праводзіць праверку і шукае адказ на канкрэтнае пытаньне”.

Зазначыў спадар Гулак зь Беларускага Гэльсынскага камітэту.

Праверку тым часам праводзіць іншая пракуратура на чале з Рыгорам Пракаповічам, якога амаль год таму, 27 лістапада, Вярхоўны Савет 13-га скліканьня прызначыў на пасаду генэральнага пракурора Беларусі.

Спадар Пракаповіч 1 сьнежня 1999 году ўзбудзіў крымінальную справу паводле другое часткі артыкулу 61-1 Крымінальнага кодэксу, што прадугледжвае адказнасьць за захоп дзяржаўнае улады неканстытуцыйным шляхам аж да найвэшэйшае меры пакараньня. У інтэрвію газэце “Наша Ніва” Рыгор Пракаповіч заявіў, цытую: “Так званыя кастрычніцкія выбары — гэта новы крымінальны эпізод, які давядзецца расьсьледаваць у рамках названае крымінальнае справы. Але ўжо зараз ёсьць падставы казаць, што ў дзеяньнях грамадзянкі Лідзіі Ярмошынай ёсьць прыкметы грамадзка небясьпечнае дзейнасьці, і калі яна працягне незаконна займаць пасаду, а таксама падводзіць вынікі гэтак званага выбарчага фарсу, дык у яе дзеяньнях будзе й склад злачынства”.

Беларускі Гэльсынскі камітэт таксама займаецца дзейнасьцю сяброў цэнтральнае камісіі на чале зь Лідзіяй Ярмошынай. Вось што паведаміў выканаўчы дырэктар камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) “Такая ж сытуацыя і з ЦВК. Там таксама больш за 10 сяброў камісіі, якія бралі ўдзел у прыняцьці рашэньняў, таксама нясуць адказнасьць у той ці іншай меры. У тым ліку, Ярмошына…”

Сказаў спадар Гулак. Яшчэ я спытаў яго, як Беларускі Гэльсынскі камітэт ставіцца да таго, што спадар Пракаповіч нагадаў пра мажлівасьць найвышэйшае меры пакараньня.

(Гулак: ) “Мы ня ставім мэту некага зьнішчыць. Мы за тое, каб людзі панесьлі пакараньне за тое, што яны пераступілі закон, за тое, што яны парушылі правы выбаршчыкаў”.

Заявіў Алег Гулак.

Паводле ягоных зьвестак, усяго парушальнікаў выбарчага заканадаўства налічваецца каля 70. Беларускі Гэльсынскі камітэт разглядае іх як удзельнікаў або саўдзельнікаў злачынства.

Юры Сьвірко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org